Пасяўная кампанія, Дэкрэт №3 і праблемы падлеткаў
У мінулы чацвер у раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання, падчас якога інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама правялі сустрэчы ў працоўных калектывах. Тры актуальныя пытанні жыццядзейнасці былі вынесены на абмеркаванне: “Пасяўная кампанія – у максімальна сціслыя тэрміны”, “Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” – вывесці з цені эканамічна актыўнае насельніцтва” і “Аб падлеткавых суіцыдах па сродках глабальнай сеткі Інтэрнэт”.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай сустрэлася з працоўным калектывам КУСГП “Мішневічы” ў сельскім клубе.
У сваім выступленні па першым пытанні Ірына Мікалаеўна агучыла пастаўленыя кіраўніцтвам вобласці перад аграрыямі задачы – правесці сяўбу ў аптымальна сціслыя тэрміны. У ідэале – за тыдзень. Толькі тады будзе вынік.
У нашым раёне плошча сельгасугоддзяў складае 50585 га, азімыя займаюць 5829 га, яравыя і зернебабовыя плануецца пасеяць на плошчы 8220 га, рапс будзе вырошчвацца на 2407 га , кукуруза – на 2850 га.
У раёне для правядзення сяўбы дастаткова насення: засыпана 2244 тоны пры патрэбнасці 1979 тон. З элітных гаспадарак вобласці выдзелена 160 тон элітнага насення. Была агучана лічба па гатоўнасці тэхнікі, запасах мінеральных угнаенняў. Выступленне па гатоўнасці да вясенняй сяўбы ў “Мішневічах” дапоўніў М. Г. Цікавенка.
Нікога не пакрыўдзіць, але ўсіх, хто можа працаваць, працаўладкаваць, прымусіць грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў – галоўная мэта Дэкрэта №3. У гэтым зацікаўлена ўсё грамадства, адзначыла старшыня райсавета, пераходзячы да абмеркавання пытання па папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Падаходны падатак – адзін з асноўных даходных паступленняў мясцовых бюджэтаў, менавіта гэтыя сродкі ідуць на фінансаванне сацыяльнай сферы: адукацыі, медыцыны, культуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш. Асноўная праблема ўзнікла з тым, што пад дзеянне дэкрэта трапілі грама-дзяне, якія па аб’ектыўных прычынах не маглі ці не могуць працаваць. Вось тут патрабавалася ўдасканаленне нарматыўнай базы і індывідуальны падыход, што прывяло да ўнясення дапаўненняў у першачарговы дакумент.
І. М. Новікава расказала, як працуе спецыяльна створаная ў нашым раёне камісія па вызваленні пэўнай катэгорыі грамадзян ад выплаты збору, падкрэсліўшы, што дадзены дэкрэт перш за ўсё сацыяльна ідэалагічны дакумент, накіраваны на выкананне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.
З праблемай «эпідэміі» падлеткавых суіцыдаў, якая ў апошні час ахапіла Расію, азнаёміла дырэктар раённай гімназіі Л. У. Маладзечкіна. Сёння пра яе загаварылі і ў Беларусі. І тут нельга маўчаць, калі размова ідзе пра самае каштоўнае, што ў нас ёсць – нашых дзяцей, нашу будучыню. “Сіні кіт”, “Ціхі дом”, “F57”, “Я ў гульні”, “Разбудзі мяне ў 4.20”, “Бяжы ці памры” – далёка не поўны пералік тых груп смерці, якія прыдумалі ў сацыяльных сетках дарослыя-вар’яты, тым самым прымушаючы падлеткаў ісці на самагубства. Як трэба весці сябе ў дадзенай сітуацыі дарослым, што па-вінна насцярожваць у паводзінах дзяцей, дзе шукаць выйсце – на гэтыя пытанні паспрабавала даць некалькі рэкамендацый Ларыса Уладзіміраўна.
Выкарыстаў магчымасць папярэдзіць работнікаў сельгаспрадпрыемства аб наступствах выпальвання сухой расліннасці намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў. Выратавальнік азнаёміў таксама з аператыўнай пажарнай сітуацыяй у раёне (з пачатку года здарылася 6 пажараў, адзін чалавек загінуў), назваў асноўныя прычыны пажараў.
Пасля сустрэчы прысутныя мелі магчымасць задаць членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы асабістыя пытанні.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 21.03.2017 г.