У басейн і трэнажорную залу – за палову кошту
Прафсаюзная арганізацыя лясгаса ўдзяляе вялікую ўвагу здароваму ладу жыцця: яго работнікі бяруць удзел у розных раённых і абласных спаборніцтвах. Прычым, прадугледжана матэрыяльнае заахвочванне не толькі за прызавыя месцы, але і за ўдзел. Больш таго, летась некаторыя працаўнікі рэгулярна хадзілі займацца на трэнажоры ў ФСК “Здароўе”, а сёлета наведваюць і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.
“На нашым прадпрыемстве працуе нямала маладых людзей, – расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі лясгаса Святлана Лявонава. – Радуе, што яны вядуць здаровы лад жыцця, імкнуцца быць моцнымі і бадзёрымі. Прафсаюз падтрымлівае такое памкненне. У прыватнасці, сёлета на прафсаюзным сходзе было вырашана, што палова кошту за наведванне ФАЦа будзе аплачана прафсаюзам”. Па ўсім бачна, работнікам прыйшлася даспадобы такая скідка – зараз фізкультурна-аздараўленчы цэнтр наведваюць 16 чалавек, ёсць і яшчэ жадаючыя. Дзяўчаты з задавальненнем ходзяць у басейн, каб умацаваць сябе загартоўваючымі працэдурамі, а хлопцам даспадобы трэнажорная зала.
“Такі курс на аздараўленне работнікаў спрыяе і згуртаванню калектыву – у ФАЦ ходзяць групамі, папярэдне дамовіўшыся, – кажа старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец. – Радуе, што некаторыя таты і мамы прыходзяць у ФАЦ разам са сваімі дзецьмі. Таму лічу, што прыклад работы прафсаюзнай арганізацыі лясгаса заслугоўвае пераймання”. Магчыма, пярвічкі іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна таксама ў бліжэйшы час заключаць з ФАЦам дагавор на аказанне паслуг па аздараўленні сваіх работнікаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 17.03.2017 г.