“Давяраюць – значыць, магу зрабіць нешта карыснае”
Хутка будзе два гады, як Наталлі Анатольеўне Сокалавай з аграгарадка Мікіціха землякі даверылі важную грамадскую пасаду – быць старэйшынай.
Мясцовыя жыхары аднагалосна абралі Наталлю Анатольеўну – ведаюць яе як добрага выхавальніка (працуе ў дзіцячым садку трыццаць гадоў), як клапатлівую гаспадыню, як чалавека, які ўмее ладзіць з людзьмі і можа адстаяць свой пункт гледжання. А яшчэ Наталля Анатольеўна з’яўляецца дэпутатам Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў, пазаштатным пажарным інспектарам, які клапоціцца пра бяспеку землякоў.
“Калі мне давяраюць землякі, напэўна, я магу зрабіць для іх нешта карыснае”, – з такімі думкамі прыступіла жанчына да работы старэйшыны. Перш-наперш яна звярнулася ў сельвыканкам, дзе разам са старшынёй Святланай Паўлаўнай Кійко вызначылі найбольш важныя накірункі работы.
Ну, а потым праблемы падкідвала жыццё. Да старэйшыны звярталіся наконт даведак на дзіцячую грашовую падтрымку, з пытаннямі апрацоўкі агародаў, наконт асвятлення і расчысткі вуліц і з многімі іншымі.
Усе праблемы вырашаліся на месцы. Нават магазін райспажыўтаварыства, які летась працаваў з перабоямі, сёлета выправіўся. Такія зрухі да лепшага, як кажа Н. А. Сокалава, сталі магчымымі дзякуючы сумеснай рабоце са старшынёй мясцовага сельвыканкама.
“Радуе, што ў нашым аграгарадку жывуць працавітыя і шчырыя людзі, – кажа старэйшына. – Ля ўласных дамоў можна пабачыць ідэальны парадак, мноства кветак у летні час. Сярод добрых гаспадароў, з якіх можна браць прыклад, хацелася б адзначыць Зосімавых, Мазанковых, Новікавых, Ісаевых, Баравіковых, Пікалеўскіх, Мацуганавых і многіх іншых. Мае землякі ўжо рыхтуюцца да вясны: на падаконніках можна ўбачыць не толькі расаду перцаў, але і кветак. А гэта значыць, што сёлета наш пасёлак будзе прыгажэйшым”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 21 ад 14.03.2017 г.