Вывесці з цені актыўнае насельніцтва
2 красавіка 2015 года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Галоўная мэта прынятага дакумента – вывесці з цені эканамічна актыўнае насельніцтва, прымусіць грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Дэкрэт стымулюе такіх людзей перайсці на легальную работу, працаваць сумленна і адкрыта.
У гэтым зацікаўлена ўсё грамадства, бо падаходны падатак з’яўляецца адным з асноўных напаўняльнікаў мясцовых бюджэтаў (напрыклад, у бюджэце Шумілінскага раёна на 2017 год падаходны падатак займае ў структуры даходаў 46,7%). Менавіта гэтыя сродкі ідуць на фінансаванне ўсёй сацыяльнай сферы: адукацыі, медыцыны, культуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І трэба адзначыць, што ў краіне збор заплацілі ўжо больш за 54 тысячы грамадзян, агульная сума платы склала 16,3 мільёна рублёў.
Асноўная праблема ўзнікла з тым, што пад дзеянне Дэкрэта трапілі грамадзяне, якія па аб’ектыўных прычынах не маглі ці не могуць працаваць. Вось тут патрабавалася ўдасканаленне нарматыўнай базы і індывідуальны падыход, што забяспечыла ўнясенне дапаўненняў у першапачатковы дакумент. Ад платы збору вызвалена дастаткова шырокае кола катэгорый грамадзян: беспрацоўныя, студэнты, інваліды, асобы пенсійнага ўзросту, тыя, каму ў 2015 годзе не было 18 гадоў, асобы, якія выхоўваюць 3-х і больш дзяцей ці дзіця да 7 гадоў і іншыя. Прадугледжана вызваленне і ў выпадку, калі склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя.
Для разгляду заяў на вызваленне ад платы збору пры мясцовых выканаўчых органах улады створаны камісіі. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, якая з’яўляецца кіраўніком камісіі, у нашым раёне звярнуліся 53 жыхары з заявай аб вызваленні ад платы збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Былі вырашаны станоўча 34 звароты (64%), пры гэтым поўнасцю ад платы былі вызвалены 27 чалавек, часткова – 7 чалавек. Па 19 заявах дадзена адмоўнае заключэнне, бо камісія не знайшла падстаў для вызвалення ад платы.
Члены камісіі падыходзяць да кожнай заявы індывідуальна, грунтоўна вывучаюць прадстаўленыя дакументы, запрашваюць, калі патрэбна, дадатковыя. Пры гэтым адбываецца паўторны разгляд заяў, калі адкрываюцца новыя абставіны, з’яўляюцца падставы для вызвалення ад платы.
Так, згодна з рэкамендацыямі, дадаліся такія падставы для вызвалення ад збору, як догляд пажылых асоб без афармлення права на дапамогу ці выхаванне дзяцей, якія часта і падоўгу хварэюць. З улікам сітуацыі на працоўным рынку падставай для вызвалення з’яўляюцца складанасці пры пошуку работы і працаўладкаванні.
Зараз у краіне актыўна працуюць спецыяльныя камісіі, якія вывучаюць сітуацыю з рэалізацыяй Дэкрэта №3.
Так, на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны 9 сакавіка Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка заявіў: “На працягу сакавіка нам неабходна падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце найперш чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў.” У прыватнасці, было сказана, што на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2017 г.