Права и интересы подростков

Закон Общество

Правы і інтарэсы падлеткаў
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама стаіць на варце правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, яе работа накіравана на прафілактыку дзіцячай безнагляднасці і падлеткавай злачыннасці. Нядаўна ў пашыраным фармаце прайшло пася-джэнне камісіі, на якім былі падведзены вынікі работы за 2016 год.
Разгорнутую інфармацыю аб стане падлеткавай злачыннасці ў раёне і дзейнасці дзяржаўных органаў па прафілактыцы супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх прадставіла намеснік старшыні камісіі Людміла Грузневіч. Людміла Аляксееўна паведаміла, што ў складзе камісіі працуюць прадстаўнікі 14 розных структур, за мінулы год камісія правяла 32 пасяджэнні, у тым ліку – тры выязныя (на базе Лаўжанскага і Мішневіцкага сельскіх Саветаў, а таксама СШ №1), якія дакладчыца назвала найбольш эфектыўнымі.
Зараз на тэрыторыі Шумілінскага раёна пражывае 3448 падлеткаў (даныя на 1 студзеня 2017 года), гэта на 54 менш, чым у 2015 годзе. У 2016 годзе было зарэгістравана адно злачынства з удзелам непаўналетняга (у 2015 – 4 злачынствы). Разам з тым колькасць правапарушэнняў падлеткаў вырасла з 57 да 64. Шмат правапарушэнняў здзяйсняюць навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў, некаторыя ідуць на канфлікт з законам паўторна. Камісія бачыць сваю задачу ў раннім выяўленні сямейнай нядбайнасці, адсочвае факты невыканання бацькамі сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей. Дарэчы, у 2016 годзе колькасць сігналаў пра сямейную нядбайнасць вырасла да 104 фактаў. У большасці выпадкаў падставай для сігналаў стала п’янства бацькоў.
У 2016 годзе 142 дзіцяці з 81 сям’і прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. За гэты ж час зняты з уліку 118 чалавек, з іх 77 – з нагоды стабілізацыі сямейнага становішча. За мінулы год зменшылася колькасць непаўналетніх, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне: 11 дзяцей з 6 сямей (у 2015 годзе – 14 дзяцей з 7 сямей).
Нядбайныя сем’і знаходзяцца пад пільным кантролем камісіі, некаторых бацькоў удаецца выцягнуць з гэтай бездані, але далёка не ўсіх. Таму прафілактыка мае першачарговае значэнне.
Не замоўчылі члены камісіі і такую негатыўную з’яву часу як наркотыкі. На жаль, гэтая навала не мінула і наш раён. Як паведаміла старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва, ужо сёлета ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да непаўналетняй за незаконнае захоўванне марыхуаны, выяўлены два выпадкі збыту наркотыкаў. Сваю негатыўную ролю тут адыгрываюць і дэструктыўныя інтэрнэт-групоўкі. Гэтыя рэаліі падштурхоўваюць педагогаў, медыкаў і іншых спецыялістаў больш актыўна праводзіць тлумачальную работу з падлеткамі і бацькамі.
З усіх падлеткаў, якія пражываюць у нашым раёне, 1912 вучацца ў агульнаадукацыйных установах, 818 дзетак наведваюць дзіцячыя сады. Пра сістэму работы з праблемнымі падлеткамі, іх занятасць у вольны час гаварыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова. Валянціна Васільеўна расказала, што 1540 дзяцей з нядбайных сямей (82%) заняты ў няўрочны час, што на канікулах другаснай занятасцю былі ахоплены 89 дзяцей, удалася асвоіць 25 тысяч рублёў. На 2017 год гэтую лічбу плануюць павялічыць да 40 тысяч.
У сваім выступленні галоўны ўрач раёна Канстанцін Баканаў адзначыў той факт, што за гады работы па Дэкрэце №18 удалося дабіцца ўзаема-дзеяння паміж усімі зацікаўленымі суб’ектамі.
Пракурор раёна Сяргей Зайцаў падкрэсліў важнасць тэмы гаворкі, бо размова ідзе пра будучае, пра здароўе і развіццё нацыі.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *