Из зала суда: мамка на месяц?

Закон Общество

Мамка на месяц?
У гэты дзень у Мікіцісе судом Шумілінскага раёна ў адносінах да мясцовай жыхаркі разглядаліся адразу дзве справы: крымінальная па ч. 3 арт. 174 (ухіленне ад выплаты выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей) і грамадзянская (аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў). Справы былі разгледжаны ў адкрытых судовых пасяджэннях пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора Шумілінскага раёна Сяргея Зайцава. У зале знаходзіліся родныя і аднавяскоўцы абвінавачваемай.
Трэба адразу ж заўважыць, што Аляксандра К. ніколі не вызначалася прыкладнымі паводзінамі, і нават на парозе свайго трыццацігоддзя, гэта было відавочна, з уласным жыццём так і не разабралася, не зразумела, што ў ім сапраўды важнае, а што – пясок. А самае важнае – тваё дзіця, і звычайна мамам гэтага тлумачыць не трэба. За дзіця можна ўсё аддаць не задумваючыся. Мы любім сваіх дзяцей больш за сябе саміх самым радасным, трапяткім, самым моцным пачуццём у свеце. Але любоў – гэта не толькі словы, нават зусім не словы. Любоў – гэта такія простыя рэчы, як смачны сняданак раніцай, адпрасаваная для школы сукенка, абдымкі перад сном і сакрэты, якія можна даверыць толькі матулі; любоў – гэта цёплае зімовае паліто, банты ў косках, кампрэсы на хворае горла і заўжды быць разам. У мацярынскай любові безліч складаемых, і шчаслівыя дзіцячыя вочы ў адказ як самая вялікая ўзнагарода.
Аляксандра К. аб’ектам прафілактычнай работы была заўжды. Чаго толькі не прыйшлося перанесці яе дачцэ за сем год свайго жыцця. Ні пра якія трапяткія мацярынскія пачуцці гаварыць у гэтым выпадку, вядома, не прыходзіцца. Дзяўчынка не раз трапляла ў прытулак, у апякунскую сям’ю, зноў вярталася да біялагічнай маці. Відаць, Аляксандра настолькі прывыкла жыць пад пастаянным “прыцэлам” Дэкрэта №18, што неяк ускалыхнуць яе свядомасць было ўжо немагчыма. Праўда, калі яе ў першы раз пазбавілі бацькоўскіх правоў, жанчына, здаецца, нешта для сябе ўсвядоміла. Яна закадзіравалася ад алкагалізму, працавала падсобным рабочым у ПМК-70.
Наогул, трэба заўважыць, што нейкіх катастрафічных абставін, што перашкаджалі б Аляксандры выконваць свае бацькоўскія абавязкі, у яе жыцці ніколі не было. Ёй не ўдалося стварыць сям’ю з бацькам сваёй дачкі, але з кім не бывае? Затое пастаянную падтрымку аказвалі блізкія – маці і сястра. Былі і жыллё, і праца. Вось толькі прыстойна жыць было нецікава. Аляксандра, па паказаннях сведак, заўжды дэманстравала нейкую несамастойнасць, няздатнасць несці адказнасць за свае ўчынкі, пастаянна падманвала, хітрыла. Большую зацікаўленасць у тым, каб дзяўчынка вярнулася ў сям’ю, а яе маці была адноўлена ў бацькоўскіх правах, праяўляла бабуля. Яна і дачку сваю, як кажуць, “пасла”, і рамонт у кватэры рабіла, і да ўнучкі ў госці ездзіла.
Так, у той раз суд вярнуў Аляксандры бацькоўскія правы – дзяўчынка вярнулася ў сям’ю. Здавалася б – жыві ды радуйся, пачні ўсё з нуля. І праца, і дах над галавой ёсць. Была нават магчымасць пазбавіцца ад запазычанасці перад дзяржавай амаль у тысячу рублёў. Але магчымасць гэту жанчына праігнаравала, ды і мамай пабыла менш за месяц: дзяўчынка зноў трапіла ў прытулак, адтуль – у тую ж апякунскую сям’ю, дзе была раней. Аляксандра К. знікла з Мікіціхі, дзіця перастала хадзіць у школу, на тэлефонныя званкі маці не адказвала. Яе знайшлі ў Обалі ў доме “сябра”. Там было халодна і не было чаго есці – толькі двое п’яных дарослых. І ўсё гэта менш як праз месяц “мацярынства”…
Калі сацыяльныя службы ў чарговы раз забіралі дзіця, яно ўжо нават і не плакала – настолькі прывычнай была сітуацыя. Не стала гэта ўдарам і для маці: яна прагульвала работу, дачку ў прытулку не наведала ні разу, ніякіх спроб выправіцца не рабіла. Галоўнай прычынай чарговага “зрыву” Аляксандра назвала смерць маці. А яшчэ ў справе пастаянна фігураваў той самы “сябра” з Обалі, які, як магніт, прыцягваў абвінавачваемую, а заадно і ўсе няшчасці. Трэба заўважыць, што на судзе Аляксандра К. паводзіла сябе такім чынам, быццам супраць яе ўзняўся ўвесь свет, а яна не вельмі і вінаватая.
Суд прызнаў Аляксандру К. вінаватай па ч. 3 арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне бацькоў ад пакрыцця расходаў, якія дзяржава затраціла на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, што выразілася ў няяўцы на работу 10 і больш рабочых дзён на працягу трох месяцаў”, здзейсненае асобай, раней судзімай па гэтым жа артыкуле, і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на год і тры месяцы з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Дарэчы, у мінулы раз за гэта жанчына атрымала 220 гадзін грамадскіх работ.
Таксама судом быў задаволены іск аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама аб пазбаўленні Аляксандры К. бацькоўскіх правоў. Суддзя Алена Сініцкая звярнула ўвагу на тое, што згодна са зменамі ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і нават пазбаўленыя бацькоўскіх правоў людзі могуць мець узаеміны са сваімі дзецьмі пры ўмове бездакорных паводзін. А значыць, не ўсё страчана, яшчэ можна паспрабаваць стаць сапраўднай мамай для сваёй дачкі. У Аляксандры К. з’явілася шмат часу для таго, каб абдумаць сваё жыццё, і ніякія “сябры” перашкодзіць ёй у гэтым цяпер не змогуць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *