Пра планы на 2017 год, пажарную бяспеку, звароты грамадзян і іншыя пытанні
24 лютага, у пятніцу, пад старшынствам кіраўніка раёна Аляксандра Снарава прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта.
На пасяджэнні былі разгледжаны канчатковыя вынікі работы раёна ў 2016 годзе, вызначаны асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўстаноўлены параметры работы раёна, а таксама раённага бюджэту на бягучы год. З дакладамі па азначаным пытанні выступілі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Доктараў, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка і в. а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Кузняцоў. Дакладчыкі прадставілі аналіз работы прамысловасці і сельскай гаспадаркі раёна, вызначылі асноўныя хібы ў гэтай рабоце, акрэслілі неабходныя меры для іх выпраўлення, абазначылі асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2017 год.
Так, у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пад ураджай 2017 года пасеяны амаль 6 тыс. га зерневых, 577 га азімага рапсу, у 2017 годзе плануецца пасеяць 13 829 га зерневых і зернебабовых, атрымаць валавы збор 34,5 тыс. тон пры ўраджайнасці не менш за 25 ц/га. Пасеяць 2077 га рапсу, сабраць 3100 тон насення гэтай культуры. Бульбы плануецца пасадзіць 120 га, атрымаць не менш за 3,6 тыс. тон. Наогул, трэба забяспечыць тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 110%.
У прамысловасці тэмп росту індэкса прамысловай вытворчасці – 109%, сярод задач на бягучы год – дыверсіфікацыя экспарту прадукцыі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, зніжэнне затрат.
Тэмп росту экспарту тавараў устаноўлены на ўзроўні 109%, паслуг – 113%.
Тэмпы росту рознічнага тавараабароту і грамадскага харчавання ўстаноўлены на ўзроўні 103%, запланавана адкрыццё новых магазінаў і будаўніцтва АЗС з міні-кафэ і магазінам у аграгарадку Мікіціха.
Перад будаўнікамі раёна стаіць задача забяспечыць увод 1700 кв. м індывідуальнага жылля, выкананне будаўнічых мантажных работ на ўзроўні 100,6% да паказчыка мінулага года.
Узровень намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты прагназуецца на 2017 год у 638,2 рубля (прырост да 2016 года на 32,7%). Не менш за 60 грамадзян мяркуецца ўладкаваць на новыя створаныя працоўныя месцы, стварыць 5 новых прадпрыемстваў.
Напружаныя паказчыкі ўстаноўлены па выкананні бюджэтных паступленняў. Асаблівая ўвага будзе нададзена прынцыпу эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўных сродкаў: дасягненне зададзеных мэт і максімальнага выніку з выкарыстаннем мінімальнага аб’ёму бюджэтных рэсурсаў. Распрацавана праграма эканоміі бюджэтных сродкаў на агульную суму 138 тыс. рублёў і заданне для бюджэтных арганізацый па атрыманні даходаў у суме 450 тыс. рублёў.
Аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2016 годзе ў свеце рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва” паведаміла загадчык адпаведнага сектара райвыканкама Любоў Казаравец.
Аналіз рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” ў частцы забеспячэння пажарнай бяспекі на вытворчых аб’ектах, аб’ектах сацыяльнай сферы і жыллёвага фонду раёна прадставіў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. Супрацоўнікамі РАНС праведзена 232 праверкі суб’ектаў гаспадарання, 4,85 тыс. жылых дамоў і кватэр, да адказнасці прыцягнуты 30 кіраўнікоў, 29 службовых асоб, 3 арганізацыі, 24 грамадзяніны. Асаблівая ўвага надавалася сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, адзінокім і састарэлым грамадзянам. Праведзена 65 мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, у раённай газеце надрукаваны 172 матэрыялы на супрацьпажарную тэматыку, адзначыў начальнік РАНС. Дзякуючы комплексу праведзеных у 2016 годзе мерапрыемстваў удалося зменшыць колькасць пажараў да 18 і гібелі людзей у агні да 1 (у 2015 годзе – 24 і 5 адпаведна). Дакладчык таксама пазначыў праблемныя пытанні і напрамкі дзейнасці, якія і былі вызначаны ў прынятым рашэнні з указаннем адказных асоб за іх выкананне.
Даклады аб праблемных пытаннях па воінскім уліку ваеннаабавязаных і транспартных сродкаў на тэрыторыі раёна і аб падвядзенні вынікаў заняткаў па баявой гатоўнасці прадставіў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна Бешанковіцкага АВК Андрэй Собін.
Пасля пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі адрамантаваную лазню у аграгарадку Светласельскі, якая стала асноўнай лазняй для райцэнтра. Дырэктар УП ЖКГ Іван Штуро расказаў пра работу лазні, зроблены ў ёй буфет, а таксама пра планы павышэння даходаў лазні за кошт яе камерцыйнага выкарыстання (па заяўках асобных грамадзян ці груп для правядзення карпаратыўных ці сямейных мерапрыемстваў). У Шу-міліне даволі востра стаіць гасцінічнае пытанне, таму ўдзельнікі пасяджэння наведалі інтэрнат на вуліцы Кароткіна, частку якога мяркуюць выдзеліць пад гасцініцу.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.
..Узровень намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты прагназуецца на 2017 год у 638,2 рубля (прырост да 2016 года на 32,7%)…
Конечно, не обещанные президентом «500$», а всего-лишь «340$»,но конец года покажет сбудутся ли хотя бы эти прогнозы.
Потом когда-нибудь. Нужно затянуть паясы, меньше есть и больше работать, по 25 часов в сутки))))))
А еще обещали 1000$ к 2015 году, а в итоге только обещают, ничего, скоро будем жить лучше