“Яна проста змяніла наша жыццё”
“Выказваем вялікую ўдзячнасць Галіне Мікалаеўне Аляксеевай і яе калектыву за арганізацыю нашага вольнага часу, а таксама граматнае правядзенне спартыўных заняткаў і добрае, уважлівае стаўленне да людзей. Жадаем ёй выдатнага здароўя, шчасця і поспеху ва ўсіх пачынаннях” – з такім лістом, нават петыцыяй завітала ў рэдакцыю дэлегацыя народнага клуба “Ветэран” раённага цэнтра культуры.
Жанчыны доўга расказвалі нам, чаму кіраўнік іх клуба вартая таго, каб пра яе напісала раённая газета. І ім усё здавалася, што яны падабралі недастатковую колькасць эпітэтаў і добрых слоў, каб усім стала зразумела, што Галіна Аляксеева – выдатны чалавек, адказны і творчы кіраўнік.
Але ж каго ў гэтым трэба пераконваць? Імя гэтага работніка культуры не раз з’яўлялася на старонках газеты, яе можна ўбачыць літаральна на ўсіх раённых святах і мерапрыемствах, і не толькі раённых. Яна спявае, танцуе, удзельнічае ў спектаклях, здаецца, умее ўсё.
У РЦК Галіна Мікалаеўна прыйшла ў пачатку двухтысячных, а яе агульны стаж у галіне культуры складае больш за 20 год. Пачынала дзейнасць з Башнёўскага сельскага клуба. Сёння зразумела, што гэты чалавек адбыўся ў прафесіі, патрапіў у жыцці на правільную сцяжынку, хаця здарылася гэта не адразу: у юнацтве Галіна атрымала адукацыю, ніяк не звязаную з культурай. Але жыццё хуценька выправіла гэтую памылку, як толькі маладая жанчына ўслед за мужам пераехала з Гарадоцкага ў Шумілінскі раён. І тут, як кажуць, “панеслася”. “Я і на гармоніку грала, і на электрагітары, а якія мы канцэрты ставілі…”, – з настальгіяй успамінае Галіна Мікалаеўна часы, калі людзі ў вёсках былі заўсёднікамі клубаў, любілі і ўмелі весяліцца.
Г. М. Аляксеева прызналася, што першыя яе крокі як кіраўніка клуба “Ветэран” былі нясмелымі, баялася, што не справіцца, не знойдзе падыходу да людзей, не зможа іх зацікавіць. Але ж справілася, знайшла і зацікавіла, і ўжо праз год клубу было прысвоена званне “народны”.
У народным клубе “Ветэран” дзейнічае два аддзяленні: група “Здароўе” і вакальная група “Залаты ўзрост”. Члены клуба з лёгкасцю адгукаюцца на любыя прапановы наконт таго, як правесці свой вольны час. Яны ўжо паспрабавалі, здаецца, усё – ад арыгамі да танцаў. І ўсім весела і камфортна разам, і нікому не хочацца разыходзіцца пасля заняткаў. “Яна проста змяніла наша жыццё”, – так высока ацэньваюць дзейнасць кіраўніка клуба яго члены. І, згадзіцеся, гэта ўжо крыху больш, чым проста ацэнка работы. Такія водгукі звычайна дастаюцца людзям, якія апроч прафесійных задач ставяць перад сабой і агульначалавечыя, дзеляцца душэўнай цеплынёй.
Галіна Мікалаеўна любіць сваіх падапечных, стараецца зрабіць іх жыццё цікавым і напоўненым. Бядуе хіба толькі пра тое, што для паўнацэнных заняткаў клубу не хапае спецыяльнага памяшкання. А яшчэ мужчын не хапае, ведалі б яны, як тут добра, якія жанчыны сюды ходзяць, напэўна ж, не сядзелі б дома. На ўсялякі выпадак: заняткі праходзяць па панядзелках, серадах, і пятніцах.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.