“Пакуль дзве песні паслухаў, катлеты і згарэлі”
На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку. Асноўнае пытанне, вынесенае на парадак дня, – пажарная бяспека ў інтэрнатах, а таксама сярод адзінокапражываючых і састарэлых грамадзян раёна. Пасяджэнне вяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Чаму менавіта гэтыя слаі насельніцтва былі ў цэнтры ўвагі, зразумела ўсім. Возьмем, да прыкладу, інтэрнаты. Тут мала быць упэўненым у сабе, у тым, што ты не забыўся выключыць пліту ці прас, тут трэба думаць і пра суседа, бо ягоная забыўчывасць у такім цесным суседстве можа абярнуцца трагедыяй для многіх людзей. Таму такія жорсткія патрабаванні да інтэрнатаў у плане супрацьпажарнага абсталявання і прафілактычнай работы прад’яўляе раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
На пасяджэнне запрасілі камендантаў усіх інтэрнатаў Шуміліна з падрабязнай інфармацыяй па пажарнай бяспецы. І як высветлілася ў працэсе разгляду пытання, працаваць тут ёсць над чым. Найбольш прывабна выглядае толькі інтэрнат ПМК-70 па вуліцы Юбілейнай, тут і супрацьпажарнае абсталяванне ёсць, і наглядная агітацыя, і работа ў гэтым накірунку каменданта Ірыны Рудовай дае плён, што было адзначана на пасяджэнні.
А вось у інтэрнатах жыллёва-камунальнай гаспадаркі праблем вышэй даху. Ды і пра якую пажарную бяспеку можна весці размову, калі, напрыклад, у інтэрнаце па вуліцы Луначарскага наогул няма пліт на кухні, і жыльцы гатуюць ежу ў сваіх пакойчыках на электрычных плітках. І сістэма “Маланка” тут не падключана. Пажарныя б’юць трывогу! У працэсе размовы з камендантам гэтага інтэрната высвятляецца, што тут на кухні няма і вады…
Зразумела, што жыццё прымушае нас сёння эканоміць на многім. Але ж не на бяспецы і жыцці людзей. Патрабаванні раённага аддзела МНС і грамадскага пункта аховы правапарадку адназначныя: выканаць неабходныя супрацьпажарныя мерапрыемствы на працягу месяца. Гэта датычыцца і інтэрната прадпрыемства меліярацыйных сістэм па вуліцы Лескавіцкай, дзе не завершаны работы па ўсталяванні сістэмы “Маланка”.
На пасяджэнне камісіі запрасілі і асоб, “дзякуючы” якім імчалі з уключанымі сірэнамі пажарныя машыны, каб папярэдзіць трагедыю. У адным выпадку жыхар з таго ж інтэрната, што на Луначарскага, курыў у ложку і не заўважыў, як загарэўся матрац. Другі ж з інтэрната ПМС паставіў на пліту патэльню з катлетамі, а паколькі пліта доўга “раскачагарваецца”, пайшоў перачакаць у свой пакой. “Пакуль дзве песні Шафуцінскага паслухаў, катлеты і згарэлі”, – прызнаўся мужчына. У абодвух выпадках спрацавала пажарная сігналізацыя – неаспрэчны эфект пажарных апавяшчальнікаў. А між тым, як паведаміў начальнік раённага аддзела МНС Андрэй Сасновіч, на кожны з гэтых выклікаў выязджалі па 2 МАЗы – 5-тонны і 10-тонны. Уявіце, колькі гэта каштуе. Дарэчы, у такіх выпадках, калі даказана віна канкрэтнага чалавека, ён і аплачвае гэтую “раскошу”.
На пасяджэнні таксама былі падведзены вынікі работы грамадскага пункта аховы правапарадку за 2016 год.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №16 ад 24.02.2017 г.