Паломніцтва: Дзісна-Шаркоўшчына-Глыбокае
Праваслаўны духоўны цэнтр Шумілінскага благачыння арганізаваў чарговую паломніцкую паездку для веруючых. У гэты раз паломнікі пабывалі ў Дзісне, Шаркоўшчыне і Глыбокім.
Дзісна – самы маленькі горад Беларусі са сваёй тысячагадовай гісторыяй, які захаваў старажытную планіроўку вуліц, брукаваных каменнем, стогадовы драўляны мост, архітэктурныя збудаванні. Як самых дарагіх гасцей нас сустрэлі ў Адзігітрыеўскім храме, расказалі пра гісторыю станаўлення праваслаўя ў гэтай мясцовасці, а ва Уваскрасенскай царкве ля мошчаў новапакутніка Канстанціна Жданава свяшчэннік Аляксандр Фурсаў адслужыў малебен.
У Шаркоўшчыне мы пабывалі ў вялікім драўляным храме, які пабудаваў у 1912 годзе Канстанцін Жданаў, які служыў тут свяшчэннікам.
Пад’язджаючы да Глыбокага, паломнікі звярнулі ўвагу на адсутнасць агароджаў вакол жылых дамоў у вёсках. Гэта гаворыць пра адкрытасць мясцовых жыхароў, іх менталітэт, уклад жыцця, які адрозніваецца ад нашага.
У Глыбокім мы пабывалі не толькі ў Кафедральным саборы са шматвяковай гісторыяй, але і ў аб’ёмных падземных збудаваннях пад ім. Многія захацелі ўзняцца па каменнай вінтавой лесвіцы на званіцу (узровень 8-га паверха), адкуль можна было ўбачыць горад, як на далоні. Таксама мы наведалі Бярэзвецкі жаночы манастыр і іншыя гістарычныя і духоўныя мясціны.
Вячаслаў ІЛЬІН, дырэктар праваслаўнага духоўнага цэнтра.
Надрукавана ў №16 ад 24.02.2017 г.