Фестываль дзіцячай творчасці
20 мая Цэнтр пазашкольнай работы ўпершыню правёў фестываль дзіцячай творчасці, які прайшоў у актавай зале СШ №1.
Свае работы выставілі 13 гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Здзіўлялі творчай фантазіяй на на выставе вырабы з гліны і паперы, саломы і салёнага цеста, дрэва і тканіны… Тут можна было ўбачыць і работы, якія перамаглі ці сталі прызёрамі абласных конкурсаў: пано з салёнага цеста (гурток “Майстар”, кіраўнік Т. П. Каласкова), вырабы з лазы (“Майстэрня рамёстваў”, У. П. Каласкоў), дэкаратыўныя драўляныя вырабы (“Свет творчасці”, Ю. М. Танасіенка). Калі вы не пабачылі ўсе гэтыя дзівосы 20 мая, то ў вас засталася магчымасць азнаёміцца з работамі гурткоўцаў на выставе, якая ладзіцца ў Цэнтры пазашкольнай работы.
Каля дзвюх гадзін доўжыўся канцэрт, што падрыхтавалі юныя артысты з дзевяці гурткоў. Песні, танцы, інсцэніроўкі… Выступленні былі на любы густ. Асабліва багата апладысментаў сабраў узорны фальклорны калектыў “Скарбонка” (кіраўнік Г. Б. Згірская).
Першы фестываль дзіцячай творчасці дазволіў не толькі паказаць творчыя здабыткі дзяцей, але і зрабіць змястоўную рэкламу гурткоў Цэнтра пазашкольнай работы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №41 ад 3.06.2011 г.