Кінуўся ў агонь ратаваць чалавека
Інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС старшы лейтэнант Іван Леанідавіч Шаўчэнка першым кінуўся ў палаючы дом ратаваць чалавека…
Той марознай студзеньскай ноччу Іван Шаўчэнка пасля другой змены трымаў шлях дадому ў Віцебск. Калі пад’ехаў да Краева, убачыў густыя клубы дыму.
Шумілінскі інспектар ДПС накіраваўся ў бок пажару. На дарозе сустрэў пажылога чалавека з ліхтаром у руках, які быў вельмі разгублены і расказаў, што адзін баіцца блізка падыходзіць да пажару. А вось Іван Шаўчэнка не пабаяўся. Ён хутка набраў нумар тэлефона дзяжурнай часці РАУС, паведаміў пра пажар і подбегам кінуўся да палаючага дома. Калі па снезе прабіраўся да месца, заўважыў, што практычна ўсе дарожкі да ўваходных дзвярэй гаспадароў садаводчага таварыства “Колас” былі занесены снегам, а ля гэтага дома – расчышчаны. “Значыць – ёсць гаспадар”, – мільганула ў галаве.
Іван з усяе сілы рвануў за ручку ўваходных дзвярэй – адразу абдало гарачынёй і дымам. Зрабіў глыбокі ўдых – і пайшоў у задымлены пакой. Праз некалькі метраў з нечым сутыкнуўся, навобмацак зразумеў: на падлозе ляжыць чалавек. Хутка схапіў яго – і на вуліцу. Праз некалькі секунд рухнула частка даху на палаючым доме. Пажылы мужчына, гаспадар дачнага дома, не падаваў прыкмет жыцця. Неўзабаве падаспелі выратавальнікі і “хуткая дапамога”. На жаль, медыкі не змаглі выратаваць пацярпелага.
Іван Леанідавіч прызнаўся, што ў тыя хвіліны сам быў у лёгкім шоку, але тады не думаў пра небяспеку, пра тое, што можа загінуць у агні. Ён ратаваў чалавека як сапраўдны мужчына, як салдат, як абаронца. Але героем сябе Іван не адчувае. Ён кажа: “Так бы паступіў кожны сапраўдны мужчына”.
У той дзень Іван Шаўчэнка нічога не расказаў пра пажар жонцы, бо не хацеў хваляваць: яна чакала дзіця. А нядаўна ў сям’і Шаўчэнкаў нарадзіўся сынок Валодзя. Упэўнены, што бацька выхавае яго такім жа мужным, як і сам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2017 г.