Трыкатаж брэнда “ТВОЁ” будуць шыць у Обалі
Расійскія інвестары маюць намер адкрыць вытворчасць па пашыве трыкатажных вырабаў у гарадскім пасёлку Обаль.
Прадстаўнікі ААТ “Фабрыка Шарм” (г. Смаленск), што выпускае прадукцыю пад брэндам “ТВОЁ”, на мінулым тыдні прыехалі ў раён для таго, каб дамовіцца аб умовах супрацоўніцтва з кіраўніцтвам раёна і ўласнікамі
памяшкання, якое яны збіраюцца арандаваць.
Прывабным для будучай вытворчасці аказаўся будынак гандлёвага цэнтра райспажыўтаварыства ў цэнтры Обалі. Вядома, там патрабуецца рамонт і невялікая перапланіроўка для таго, каб будынак поўнасцю адпавядаў запатрабаванням швейнай вытворчасці. Правесці гэтыя работы плануецца за месяц. Напружанай, але рэальнай назваў такую задачу дырэктар па развіцці вытворчых пляцовак “Фабрыкі Шарм” Валерый Рагацэвіч. А ўжо ў пачатку мая обальскі цэх павінен паставіць першую прадукцыю.
Варта адзначыць, што ў цэх закупаецца новае сучаснае абсталяванне, будуць створаны усе ўмовы для камфортнай работы. Новая вытворчасць здольная забяспечыць пастаяннай працай 120 швачак. Патрэбныя і начальнік вытворчасці, і майстры, і слесары-механікі – усяго працу сабе знойдуць 200 чалавек. Перавага пры прыёме на работу будзе аддавацца работнікам з прафесійнай адукацыяй. Дарэчы, старшыня Обальскага сельсавета Мікалай Будневіч падлічыў, што ў самой Обалі каля 60 чалавек зацікавіліся гэтай перспектывай, большая частка з іх маюць спецыяльную адукацыю. Пры жаданні, вучыцца на швачку адправіць раённая служба занятасці. Прычым, яна возьме на сябе клопат па выплаце стыпендыі, аплаце расходаў на пражыванне і дарогу, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава.
Інвестары хочуць мець справу са стараннымі, адказнымі, працавітымі работнікамі. Сярэдні заробак па раёне сваім будучым работнікам яны гарантуюць. А тое, што гэта здзельная праца, дасць магчымасць кожнаму вырашаць, наколькі важкай будзе яго зарплата: старанней працуеш – больш зарабляеш.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2017 г.