Захаваць, вырасціць, атрымаць малако
На мінулым тыдні прайшла калегія райсельгасхарчу, на якую былі запрошаны кіраўнікі, заатэхнікі, ветурачы, лабаранты сельгасарганізацый раёна, спецыялісты райветстанцыі і племстанцыі. Актыўны ўдзел у нарадзе прыняў старшыня райвыканкама А. І. Снараў.
Удзельнікі калегіі наведалі фермы дзвюх гаспадарак – КУСГП “Сіроцінскі” і ААТ “Прыазёрны мір”. Кіраўнік раёна адзначыў, што зараз галоўнае для кіраўнікоў, спецыялістаў, ветурачоў, жывёлаводаў – не ўпусціць час. Трэба ўдзяліць належную ўвагу асемяненню кароў і цёлак, захаваць маладняк, вырасціць яго, каб у будучым мець надзейны малочны статак. А для гэтага перш-наперш варта стварыць годныя ўмовы ўтрымання жывёлы. У гэтым накірунку пастараліся ў КУСГП “Сіроцінскі”, дзе літаральна за месяц зрабілі рамонт у цялятніках. Кіраўнік гаспадаркі М. У. Прыгодзіч расказаў, што на ферме, якую пабудавалі ў 1981 годзе, практычна ніколі не рабілі рамонту. А ён прасіўся даўно: трэба было і гной прыбраць, і вентыляцыю зрабіць, і асвятленне ўстанавіць, і падлогу падрамантаваць. Да ўсяго гэтага дайшлі рукі. І зроблена, як адзначылі ўдзельнікі калегіі, на сумленне. Зараз і два малочныя статкі, і цяляты на ферме Слабада ўтрымліваюцца ў добрых умовах. Асабліва прысутным спадабаліся хлеўчукі, дзе зрабілі больш за шэсцьдзясят клетак для цялят-малочнікаў. Вядзецца рамонт у памяшканні, дзе маюць намер паставіць цялят на дарошчванні. На ферме Сіроціна ўдзельнікі калегіі вялі гаворку пра кармленне новацельных і сухастойных кароў. Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза рэкамендаваў абавязкова закупіць камбікорм для першацёлак, а сухастойным каровам кожны дзень даваць грубы корм, у тым ліку і салому. Работнікі ветстанцыі правялі для прысутных на калегіі майстар-клас па рабоце з дрэнчарам – зондам для прымусовага ўвядзення ў страўнік цяляці малодзіва ці лекавага адвару. У “Сіроцінскім”, да прыкладу, летам насушылі ўдосталь рамонак, конскага шчаўя, трыпутніку і гэтыя адвары рыхтуюць самі даяркі.
Дырэктар райплемстанцыі А. А. Казьмін рэкамендаваў на кожнай ферме зрабіць пункты па штучнаму асемяненню.
Фермы ААТ “Прыазёрны мір” – добры прыклад таго, што пры захаванні адпаведных тэхналогій утрымання і кармлення можна дабіцца лепшых вынікаў. У пачатку гэтага года пачалі даіць кароў тры разы на дзень. І гэта дало свой плён: на ферме Непароты зараз дояць амаль восем кілаграмаў на карову, гэта на 2 кг больш, чым у мінулым годзе. Плюсуюць і на ферме Маркава. Кіраўнік гаспадаркі В. М. Дзяцко расказаў, што летам на ферме адрамантавалі стойлавае абсталяванне, памянялі вакуумную сістэму. А месяц таму гаспадарка закупіла 50 тон канцэнтратаў для кароў, і гэта дало прыбаўку да малака.
Удзельнікі нарады абмеркавалі ход рамонту тэхнікі. Спецыялісты райсельгасхарчу адзначылі, што час няўмольны – не паспееш азірнуцца, як трэба будзе сеяць.
Падводзячы вынікі калегіі райсельгасхарчу, А. І. Снараў адзначыў, што галоўнае пры любой рабоце – захаванне тэхналогіі і дысцыпліны. Калі такога прынцыпу ў рабоце будуць прытрымлівацца ўсе – ад кіраўніка да даяркі – то будзе і вынік.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2017 г.