Афіцэрскі доўг, асветлены сынавай усмешкай
Мікалай Вячаславіч Шчарбіцкі жыве ў Мішкавічах з 1997 года. У яго багатая і цікавая біяграфія, у якой у адно цэлае перапляліся служэнне Айчыне і сям’я. Мікалай Вячаслававіч – маёр, кадравы афіцэр з баявым мінулым. З 2016 года М. В. Шчарбіцкі ўзначальвае раённую арганізацыю “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане”.
Выпадковыя сустрэчы, якія змянілі жыццё
Нарадзіўся М. В. Шчарбіцкі ў 1957 годзе ў вёсцы Пакрашэва Слуцкага раёна Мінскай вобласці. “Мары стаць афіцэрам ў дзяцінстве не было, – успамінае Мікалай Вячаслававіч. – Мяне цягнула больш стаць інжынерам, у старэйшых класах пачаў задумвацца пра паступленне ў Мінскі політэхнічны інстытут”.
Але адна выпадковая сустрэча змяніла ўсё. Мікалай Вячаслававіч добра памятае, як на канікулы ў вёску прыехаў сябар, які быў курсантам ваеннага вучылішча. Паразмаўлялі-пагаварылі, і ўсё – хлопец літаральна загарэўся на афіцэра. Пасля заканчэння школы паступіў ў Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча.
Другая выпадковая сустрэча здарылася ў Шчарбіцкага ў 1976 годзе. Мікалай, курсант-другакурснік, прыехаў на выхадныя да аднакурсніка ў Мішкавічы, дзе ўбачыў мясцовую дзяўчыну Паліну. Гэта было каханне з першага погляду. Неўзабаве Мікалай і Паліна ажаніліся.
У мінулым годзе Шчарбіцкія ад-святкавалі рубінавае вяселле, яны выхавалі двух сыноў і дачку. “Паліна – гэта сапраўдны прыклад афіцэрскай жонкі, – адзначае М. В. Шчарбіцкі. – Сям’я для мяне была асноўнай падтрымкай у складаныя моманты жыцця. І за гэта хачу сказаць бязмежны “дзякуй” маёй Паліне”.
Выпрабаванне Афганістанам і кіламетрамі ад сям’і
Пасля заканчэння Калінінградскага ваеннага авіцыйна-тэхнічнага вучылішча лейтэнанта Шчарбіцкага накіроўваюць служыць у Адэскую вобласць. Зразумела, што з маладым афіцэрам пераехала і яго сям’я.
З асаблівай цеплынёй расказвае пра першыя тры гады службы Мікалай Вячаслававіч: “Вельмі пашанцавала з камандзірамі. Гэта былі сапраўдныя афіцэры – інтэлігентныя, высокаадукаваныя. І мне ўсю службу хацелася раўняцца менавіта на гэтых людзей. Да таго ж была цудоўная практыка. Наша інжынерна-тэхнічная служба абслугоўвала баявыя верталёты Мі-24”.
У 1980 годзе вайсковую часць, дзе служыў М. В. Шчарбіцкі, накіроўваюць у Афганістан для выканання інтэрнацыянальнага абавязку.
Былі сфарміраваны тры эскадрыллі, якія размясцілі ў Кундузе, Баграме і Джалалабадзе. Старшы лейтэнант Шчарбіцкі трапіў у Кундуз. Мікалай Вячаслававіч служыць у тэхнічнай службе па абслугоўванні баявых верталётаў: тут на практыцы прыйшло асэнсаванне фразы “перамога ў паветры ствараецца на зямлі”, якую пастаянна паўтаралі выкладчыкі падчас вучобы ў Калініградскім вучылішчы.
Праз тры месяцы службы ў Афгане – першы, але найбольш цяжкі маральны іспыт. “Браў удзел у складзе пошукава-выратавальнай групы, – успамінае Мікалай Вячаслававіч (і бачна, што нават праз дзесяцігоддзі гэтыя ўспаміны прыносяць боль, – аўт.). – І на маіх вачах душманы трапляюць у верталёт. Хвіліна-другая – і ўся машына ў агні. Верталёт падае на рысавае поле, выбух… І ад баявой машыны практычна нічога не застаецца. А там – сябры: камандзір эскадрыллі Віктар Казавы, Герой Савецкага Саюза намеснік камандзіра Вячаслаў Гайнутдзінаў і борттэхнік Сяргей Красноў”. Як прызнаецца В. М. Шчарбіцкі, перажыць смерць сяброў вельмі складана, да гэтага чалавек прызвычаіцца не можа.
“Выратавала тое, што я ў гэты час завочна вучыўся ў Сызранскім вышэйшым ваенна-авіяцыйным вучылішчы, – дзеліцца Мікалай Вячаслававіч. – Менавіта вучоба дапамагала забыцца пра вайну, перавесці думкі ў мірны стваральны накірунак”
М. В. Шчарбіцкага трапляе ў шпіталь, пасля лячэння даюць водпуск. Мікалай Вячаслававіч спяшаецца ў Адэскую вобласць, да сям’і, дзе ў яго нарадзіўся сын. Як толькі малады бацька ўзяў на рукі чатырохмесячнага сына, той яму шчыра ўсміхнуўся. “Першая сынава ўсмешка стала маім талісманам, які даваў моц і падтрымку, – сцвярджае М. В. Шчарбіцкі. – Дзеля такіх момантаў і трэба жыць”
Пасля водпуску старшага лейтэнанта М. В. Шчарбіцкага накіроўваюць у Джалалабад, які месціўся непадалёк ад мяжы з Пакістанам. Гэта былі зусім іншыя кліматычныя ўмовы, замест суровых гор Кундуза тыя ж горы, толькі субтропікі, і штодзённая вайна. Баявыя верталёты бралі ўдзел у знішчэнні караванаў, які везлі зброю і афганскі гераін. І менавіта савецкія салдаты ў 80-х гадах сталі першымі, хто змагаўся з патокам афганскіх наркотыкаў у Еўропу.
У час службы ў Афганістане М. В. Шчарбіцкі быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Прыклад афіцэра
Пасля двух гадоў службы ў Афганістане старшага лейтэнанта М. В. Шчарбіцкага накіроўваюць служыць у Групу савецкіх войск у Германіі. “Служба ў Германіі – адмысловая, – працягвае Мікалай Вячаслававіч. – Траплялі сюды служыць толькі тыя, хто адпавядаў прыкладу ўзорнага савецкага салдата”. У Германіі ён атрымлівае капітанскае званне. Менавіта “нямецкі” перыяд службы стаў самым запамінальным і сямейным. Нават падумаць не мог, што у афіцэра могуць быць пастаянныя выхадныя, якія праводзіў М. В. Шчарбіцкі са сваёй сям’ёй.
У 1987 годзе сям’я Шчарбіцкіх пераязджае ў Паўднёвую Асецію, у горад Цхінвалі.
І зноў інтэрнацыянальны абавязак
Афіцэрскі лёс – непрадказальны. У гэтым зноў пераканаўся М. В. Шчарбіцкі. У 1988 годзе капітана Шчарбіцкага адпраўляюць у Эфіопію. На той момант у краіне ішла грамадзянская вайна. Пад эгідай ААН сюды былі накіраваны салдаты з іншых краін (сённяшні аналаг “блакітных касак”). М. В. Шчарбіцкі ў складзе інжынерна-тэхнічнай службы разам з канадскімі і шведскімі спецыялістамі абслугоўваў аб’яднаную эскадрыллю, у якую ўваходзілі два баявыя самалёты і шэсць верталётаў Мі-8. Галоўным вынікам “камандзіроўкі ў Эфіопію” Мікалай Вячаслававіч называе тое, што ўсе вярнуліся жывымі.
Перад адстаўкай
Пасля Эфіопіі Мікалай Вячаслававіч служыў у Грузіі. У памяці афіцэра маглі б застацца толькі цудоўныя краявіды, калі б не 1990 год. “Адбыўся моцны землятрус, звыш 6 балаў, – успамінае М. В. Шчарбіцкі. – Зямля пад нагамі літаральна скакала. Усе пабудовы знікалі ў адно імгненне”.
Апошнія пяць гадоў перад адстаўкай, з 1992 па 1997, прайшлі ў Самары, Мікалай Вячаслававіч атрымаў вайсковае званне маёра.
“Служу Рэспубліцы Беларусь!”
Пасля адстаўкі перад сям’ёй Шчарбіцкіх не паўставала пытання дзе жыць. Першай прапанавала вярнуцца ў Беларусь Паліна Шчарбіцкая. “Хацелася вярнуцца на Радзіму, – расказвае М. В. Шчарбіцкі. – Цягнула ў Беларусь”. У 1997 годзе Шчарбіцкія пераязджаюць у Мішкавічы. Праз дзесяць год Мікалай Вячаслававіч атрымлівае беларускае грамадзянства. Ён упершыню сказаў “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – гэтыя словы ішлі з сэрца мужчыны, як сам прызнаецца, словы, якія даўно хацелася сказаць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота з сямейнага архіва Шчарбіцкіх.