Рашэннем Віцебскага абласнога камітэта №30 ад 24 студзеня 2017 года ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны” прысвоена:
СВІРЫДЗЕНКУ Валерыю Мікалаевічу, машыністу бульдозера Шумілінскага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Шумілінскае ПМС” – у намінацыі “аграпрамысловы комплекс”;
Машыніст бульдозера Шумілінскага ПМС Валерый Мікалаевіч Свірыдзенка мае ганаровыя званні “Заслужаны меліяратар Беларускай ССР”, “Ветэран прадпрыемства”, з’яўляецца пераможцам спаборніцтваў “Віцебскмеліяводгасу” ў намінацыі “Лепшы работнік”. Ягонае прозвішча неаднаразова было занесена на Дошку гонару раёна і прадпрыемства. Валерый Мікалаевіч атрымаў прызнанне за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё меліярацыйнай галіны, актыўную жыццёвую пазіцыю. На прадпрыемстве машыніст бульдозера працуе 43 гады. Ён настойлівы, прадпрымальны, рашучы, ніколі не хібіць у рабоце. Пры гэтым захоўвае ўсе тэхналагічныя працэсы, шукае аптымальныя варыянты, з’яўляецца добрым настаўнікам для маладых.
Валерыю Свірыдзенку давяраюць самыя адказныя ўчасткі. Ён ніколі не лічыцца з уласным часам: калі трэба, працуе і вечарам, і ў выхадны дзень, і на іншай тэхніцы. А такія работнікі, як кажуць, на вагу золата. Тым больш, што ёсць высокія вытворчыя паказчыкі: за мінулы год В. М. Свірыдзенка выканаў 105,1 тысяч умоўных кубічных метраў земляных работ, зрабіў укладку дрэнажу на адлегласці амаль тры кіламетры. Працаваў на Полацкай ГЭС, на рамонце меліярацыйных сістэм “Іскра-1” у ААТ “Прыазёрны мір” і “Казьяны” ў КУСГП “Мішневічы”, на будаўніцтве аўтамабільнай дарогі Чысці-Новазаронава, на іншых адказных участках.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2017 г.