27 студзеня адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.
У Шумілінскім краязнаўчым музеі была арганізавана выстава “Журботныя фіялкі Халакосту” і прайшло мерапрыемства для адзінаццацікласнікаў СШ № 1.
Слова “халакост” (знішчэнне агнём – грэч.) – гэта агульны тэрмін для абазначэння генацыду яўрэеў нацыстамі і іх памагатымі ў 1933-1945 гадах. Трагедыя Халакосту не абышла наш раён. У 1941 годзе былі расстраляны больш за трыста яўрэяў-шумілінцаў у райцэнтры, былі расстраляныя і яўрэі, якія жылі ў Сіроціне, на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета знаходзіцца брацкая магіла расстраляных яўрэяў з Бешанковіцкага гета.
Матэрыялы, якія расказваюць пра трагедыю Халакосту на тэрыторыі Шуміліншчыны, прывёз у музей Н. З. Гальдштэйн (на здымку). Навум Залманавіч зараз жыве ў Віцебску, ён – часты госць у Шуміліне, бо наведвае памятнае месца на Брыкеце, дзе ў гады Вялікай Айчынай вайны былі расстраляны ягоныя сваякі, сябры сям’і, суседзі. Навум Залманавіч з’явіўся адным з ініцыятараў усталявання на месцы расстрэлу памятнага знака. Памятныя знакі стаяць і у Сіроціне, і ў лесе каля Бешанковічаў. На гэтыя месцы 27 студзеня, 9 мая і 3 ліпеня прыязджаюць сваякі, каб ушанаваць памяць загінуўшых.
Навум Залманавіч расказаў дзецям пра сваіх родных – з вайны іх не вярнулася адзінаццаць, пра тыя пакуты, якія прыйшлося вынесці яўрэйскаму народу. Пра ўсё гэта Н. З. Гальдштэйн напісаў у кнізе “Гэта было”.
Цікава было паслухаць расказ Навума Залманавіча пра ягоную паездку ў “Яд Вашэм” – ізраільскі нацыянальны мемарыял Халакосту, дзе ўвекавечана памяць шасці мільёнаў яўрэяў – ахвяр нацызму. Ён расказаў пра музей Халакосту, пра Залу памяці, Партызанскую панараму, Калону гераізму.
Галоўная захавальніца фондаў музея Т. В. Церах расказала, што нядаўна ў музей прыязджала Г. У. Ісаева (Уздзіна) з Віцебска, чые сваякі, якія жылі ў Шуміліне, былі расстраляны фашыстамі. Галіна Уладзіміраўна перадала ў дар музею копіі фотаздымкаў родных і некаторыя дакументы.
“Халакост – адна з самых страшных трагедый 20 стагоддзя. І мы пра яе павінны памятаць, каб бяда не паўтарылася зноў”, – даў наказ падлеткам Навум Залманавіч.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2017 г.
Работа над памылкамі
“Журботныя фіялкі Халакосту”
У газеце “Герой працы” ў №10 ад 3 лютага ў быў надрукаваны матэрыял пад назвай “Журботныя фіялкі Халакосту” пра сустрэчу ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі з Н. З. Гальдштэйнам.
Навум Залманавіч даслаў у рэдакцыю зварот, у якім адзначае пэўныя недакладнасці, дапушчаныя аўтарам нататкі Ларысай Кісялёвай, і просіць ўдакладніць матэрыял.
“Па-першае, матэрыялы пра Халакост на тэрыторыі Сіроцінскага раёна, якія я адшукаў у архівах і перадаў у Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей, з’яўляюцца толькі часткай экспанатаў па гэтай тэматыцы, якія захоўваюцца ў фондах музея і прадстаўлены на выставе, пра якую расказваецца ў публікацыі “Журботныя фіялкі Халакосту”, – піша Н. З. Гальдштэйн. – Па-другое, я не мог быць ініцыятарам устаноўкі помніка (памятнага знака) на месцы знішчэння яўрэяў у г. п. Шуміліна, у раёне былога торфабрыкетнага завода “Дабееўскі мох”. Я нарадзіўся ў 1946 годзе і быў зусім маленькім, калі там быў устаноўлены першы помнік, заменены ў 2015 годзе Міжнародным фондам Лазурусаў са згоды Шумілінскага райвыканкама новым памятным знакам з надпісамі на трох мовах.
Інфармацыя па гісторыі ўстаноўкі першага памятнага знака нешматлікай групай яўрэяў, якія вярнуліся пасля вайны ў родныя месцы з эвакуацыі, маецца ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі (напрыклад, нарыс А. Шульмана “Шумилинская фамилия” ў зборніку “Унесённые ветром” – Минск, “Медисонт”, 2012, а таксама ўспаміны С. Старасельскага – стар. 29-35 у зборніку “На качелях времени” – Минск, “Медисонт”, 2009)”.
Прыносім шчырыя прабачэнні Н. З. Гальдштэйну за дапушчаныя недакладнасці і выказваем спадзяванне на плённае супрацоўніцтва ў будучым.
Рэдакцыя.
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2017 г.