Выправіць сітуацыю ў жывёлагадоўлі
27 студзеня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім былі разгледжаны пытанні аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна і аб вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.
У пасяджэнні браў удзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання-дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандр Субоцін. На пасяджэнне былі запрошаны начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый раёна, спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Дзмітрэнка прадставіў аналіз стану законнасці і правапарадку ў раёне. У 2016 годзе ў раёне адбылося на 2,7% злачынстваў менш, чым у 2015 годзе, з 15 да 12 знізілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, на 6,5% – рэцыдыўная і на 1,7% – “п’яная” злачыннасць. Вырасла раскрыццё злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. З негатыўных паказчыкаў дакладчык адзначыў рост крадзяжоў са 117 да 128. І хаця ўзровень злачыннасці таксама паменшыўся са 139,5 на 10 тысяч насельніцтва да 137,2, ён застаецца высокім (па вобласці 90,9, па рэспубліцы 97,9). Быў прадстаўлены падрабязны аналіз прычын злачыннасці, у тым ліку па тэрыторыях. Прааналізаваны прычыны крадзяжоў, якія часта адбываюцца з-за нядбайнага стаўлення грамадзян да сваёй маёмасці. У прыватнасці, па-ранейшаму шмат крадзяжоў веласіпедаў, расце колькасць абрабаваных дач, у якіх гаспадары не бываюць месяцамі. Выяўляюцца ў раёне і новыя віды правапарушэнняў: у 2016 годзе зафіксаваны 3 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, 3 злачынствы – з распаўсюджаннем парнаграфіі, складзены 3 пратаколы за заняцце прастытуцыяй.
Аляксандр Дзмітрэнка прадставіў сваё бачанне работы па папярэджанні злачынстваў па асноўных напрамках. У аддзеле ўведзены дадатковыя пасады ўчастковых. Зараз у аддзеле працуюць 8 участковых інспектараў і ёсць дзве вакансіі, якія будуць закрыты пасля прыходу на работу маладых спецыялістаў. Таксама плануецца закрыць вакансіі інспектараў ДАІ. Рашэнне кадравага пытання дазволіць знізіць нагрузку на супрацоўнікаў аддзела, палепшыць якасць прафілактычнай работы.
На пасяджэнні выступіў пракурор раёна Сяргей Зайцаў, які таксама прадставіў справаздачу па выніках наглядальнай дзейнасці за 2016 год. Былі адзначаны як станоўчыя тэндэнцыі ў праваахоўнай дзейнасці, так і негатыўныя факты.
У прынятым рашэнні прадугледжаны цэлы комплекс мер, адрасаваны упраўленням і аддзелам райвыканкама, сельскім выканаўчым камітэтам, арганізацыям раёна, рэалізацыя якога дазволіць палепшыць сітуацыю з правапарадкам у раёне.
Неабходнасць разгляду вынікаў работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі звязана з нездавальняючай сітуацыяй у гэтай галіне. Прадукцыя жывёлагадоўлі, у прыватнасці малака, з’яўляецца адзінай крыніцай стабільных фінансавых паступленняў у гаспадарках раёна на зарплату і бягучыя выдаткі. Але ўзровень вытворчасці малака ў раёне нізкі, што стала прычынай разгляду пытання на нарадзе ў старшыні аблвыканкама, адзначыў кіраўнік раёна, адкрываючы абмеркаванне пытання. З аналізам работы галіны выступіў в. а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Кузняцоў, пасля адбыўся выезд на фермы КУСГП “Сіроцінскі”.
Дакладчык адзначыў, што па выніках 2016 года валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі склала 117,3% да 2015 года, пры гэтым калі вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы (БРЖ) у жывой вазе склала 144,6%, то вытворчасць малака – толькі 97,7%.
Валавы надой склаў 19695,6 тоны малака. Рост вытворчасці малака забяспечылі КУСГП “Мішневічы” (103,8%) і “Сіроцінскі” (105,6%), ААТ “Лаўжанскае” (100,3%), “Прыдзвінскі” (126,7%), УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” (100,1%). Астатнія гаспадаркі дапусцілі зніжэнне валавой вытворчасці малака. Знізіўся і надой на карову і склаў 2770 кг за год (98,8%). Рост надою адбыўся ў “Сіроцінскім”, “Мішневічах” і “Райаграсэвісе”. Было адзначана і зніжэнне таварнасці малака.
Выступоўца адзначыў зніжэнне колькасці пагалоўя на 585 галоў. Нарасцілі пагалоўе БРЖ у КУСГП “Сіроцінскі” (107,2%), “Ульскі” (102,6%), ААТ “Лаўжанскае” (100,2%), “Прыдзвінскі” (101,9%). У раёне на 44 галавы павялічылася колькасць кароў і склала 7140 галоў (100,6%), зніжэнне дапусцілі толькі ў ААТ “АграБаравінка” (99,2%).
Прычынамі негатыўных вынікаў работы малочнай галіны ў дакладзе называліся невыкананне тэхналогіі вырошчвання і ўтрымання жывёлы, парушэнне тэхналагічных патрабаванняў пры даенні кароў, адсутнасць належнага кантролю з боку спецыялістаў гаспадарак і загадчыкаў ферм.
Былі заслуханы справаздачы дырэктара райплемстанцыі Алега Казьміна, галоўнага ветурача раёна Івана Галузы, кіраўнікоў сельгасарганізацый раёна па адзначаных у дакладзе недахопах.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая ўдзельнічала ў рабоце пасяджэння райвыканкама, засяродзіла ўвагу прысутных на яшчэ адной крыніцы папаўнення пагалоўя – закупе цялят у насельніцтва. На падворках жыхароў раёна ўтрымліваецца 492 каровы, ад якіх закуплена 1449 тон малака (па 2945 кг на карову). Гэта значыць, што генетычны патэнцыял кароў не горшы за грамадскі статак, а значыць цёлачкі ад насельніцтва могуць стаць рэзервам росту пагалоўя. Галоўнае – арганізаваць іх закуп, забяспечыць своечасовы разлік з людзьмі, пераканаць іх у неабходнасці продажу цялят гаспадаркам раёна, падкрэсліла Ірына Мікалаеўна.
У жывёлагадоўлі немагчыма імгненна выправіць сітуацыю, у прыватнасці з пагалоўем, але калі навесці вытворчую дысцыпліну, забяспечыць нармальнае кармленне жывёлы, не дапускаць невытворчага выбыцця жывёлы, ужо можна атрымаць станоўчыя вынікі па вытворчасці прадукцыі, забяспечыць захаванне маладняку, палепшыць сітуацыю з узнаўленнем статку, падкрэсліў старшыня райвыканкама. І адказнасць за гэта кладзецца на адпаведныя службы, кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак.
Якія вынікі можна атрымаць на звычайных фермах, удзельнікі пасяджэння змаглі пабачыць на фермах Мосарава і Слабада КУСГП “Сіроцінскі”. Звычайныя фермы, на якіх наведзены парадак, чысціня, забяспечана кармленне жывёлы, прагулкі кароў, далі плённыя вынікі па вытворчасці малака.
На ферме Слабада быў паказаны абноўлены прафілакторый для цялят, памяшканні для дарошчвання цялят у працэсе рэканструкцыі. І гэтыя ператварэнні не патрабуюць вялізных фінансавых выдаткаў.
У прынятым рашэнні былі вызначаны тыя тэрміновыя меры, якія неабходна прыняць упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, адпаведным службам і сельскагаспадарчым арганізацыям раёна па выпраўленні сітуацыі ў жывёлагадоўлі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.