Каб не застацца каля разбітага карыта
На мінулым тыдні адбылася сельскагаспадарчая нарада, якую правёў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама У. А. Машэра. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве, на якое былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна, прыняў старшыня райвыканкама А. І. Снараў.
Напярэдадні нарады спецыялісты РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” пабывалі літаральна на кожнай ферме нашага раёна, праверылі, як арганізавана работа па ўзнаўленні статку. Высветлілася, што ў гэтым накірунку шмат хібаў і недахопаў. Праўда, з 1 па 25 студзеня гэтага года ў сельгасгаспадарках раёна атрымана 341 цяля, што на 41 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Але ж асемяненне буйной рагатай жывёлы ідзе маруднымі тэмпамі. Калі, напрыклад, на 25 студзеня мінулага года было пакрыта 1076 кароў і цёлак, то ў гэтым – толькі 841 (78,2% да леташняга ўзроўню). Вось таму спецыялісты абласнога племпрадпрыемства і б’юць трывогу.
Дырэктар РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” Л. П. Сакалоў і ягоныя спецыялісты прааналізавалі пытанні ўзнаўлення статку ў кожнай гаспадарцы нашага раёна. Трэба адзначыць, што ў КУСГП “Мішневічы” 80% ад усіх кароў і цёлак пакрытыя. Як бачна, у гаспадарцы з добрай аддачай папрацавалі і заатэхнікі з ветурачамі, і тэхнікі-асемянатары райплемстанцыі. У астатніх сельгаспрадпрыемствах, на жаль, няма такіх вынікаў. Так, у “Шумілінскім райаграсэрвісе” са 179 запланаваных для асемянення кароў пакрыты толькі 127, у “АграБаравінцы” – 96 (трэба 145), у “Прыазёрным міры” – 126 (трэба 142). Ды і ўсе астатнія гаспадаркі не могуць пахваліцца добрымі вынікамі работы па ўзнаўленні статку. Таму спецыялісты з вобласці звярнулі асаблівую ўвагу на тое, што перш за ўсё варта “адшліфаваць” тэхналогію ўтрымання буйной рагатай жывёлы, адсартаваць кароў у залежнасці ад фізіялагічнага стану, пралячыць хворую жывёлу, больш эфектыўна працаваць групе спецыялістаў па ўзнаўленні статку, рэгулярна праводзіць кантрольныя дойкі, штодзень выганяць жывёлу на прагулкі.
Асаблівую ўвагу на нарадзе завастрылі на тэхналогію кармлення кароў. Як расказаў У. А. Машэра, вучоныя даўно даказалі, што мука не дае той аддачы, як кармасумесь, якая ўтрымлівае бялкі, вітаміны, мікраэлементы. Прычым, вільготнасць кармасумесі не павінна перавышаць 40-45%. У адваротным выпадку карова будзе быццам бы і сытая, але значная частка яе энергіі пойдзе не на выпрацоўку малака, а на тое, каб пераварыць пераўвільготненыя кармы.
Узнаўленне статку – складаны, адказны і працаёмкі працэс. І да яго нельга адносіцца з прахалодай – інакш сельгаспрадпрыемствы могуць застацца каля разбітага карыта, адзначыў У. А. Машэра. Менавіта ад племянной работы, ад узнаўлення статку залежыць прадукцыйнасць жывёлы, працягласць яе выкарыстання, эканамічнасць і рэнтабельнасць вытворчасці. Прадукцыя жывёлагадоўлі – гэта жывыя грошы, якія павінен лічыць кожны сапраўдны гаспадар.
На нарадзе трымалі слова кіраўнікі і галоўныя спецыялісты некаторых гаспадарак. Сярод прычын дрэннай работы па асемяненні яны называлі адсутнасць асемянатараў, заатэхнікаў і ветурачоў, хваробы буйной рагатай жывёлы, бяскорміцу зімой мінулага года. Але разам з тым не скідвалі з рахункаў і тое, што кармы, іх колькасць і якасць, умовы ўтрымання жывёлы – кожнае звяно залежыць ад чалавека, ад яго стараннасці і руплівасці. А гэтага часам не хапае.
Падводзячы вынікі нарады, У. А. Машэра падкрэсліў, што работа ў сельгасарганізацыях нашага раёна па асемяненні і адно з апошніх месцаў у вобласці па гэтых паказчыках ніяк не адпавядаюць магчымасцям шумілінцаў. Таму трэба эфектыўна задзейнічаць усе людскія рэсурсы, пачынаючы са спецыялістаў раённага звяна і заканчваючы жывёлаводамі і даяркамі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.