Лася вызвалілі з палону. Браканьер вышукваецца

Новости Происшествия Экология

Лася вызвалілі з палону. Браканьер вышукваецца

У мінулыя выхадныя ля вёскі Ходараўка, што на Обальшчыне, работнік лясгаса вызваліў з браканьерскага палону лася. Аперацыя па вызваленні сахатага прайшла хоць і складана, але ўдала. Ніхто не пацярпеў.
Трапіць на такі “экшан” інжынер па паляўнічай гаспадарцы “Шумілінскага лясгасу” Аляксандр Барысевіч ніяк не разлічваў. У суботу (а гэта быў працоўны дзень) ён проста выбраўся на замацаваны за ім участак падлічваць дзікую жывёлу па слядах. Маршрут праходзіў ад вёскі Малышкі да Ходараўкі. Першы “сюрпрыз”  – выстаўленая браканьерамі вяровачная пятля,  спецыяльна прызначаная для лася – чакаў на падыходзе да Ходараўкі.   Не можа быць, што толькі адна пастка, падумаў Аляксандр Станіслававіч. І рушыў у бок вёскі –  там хоць і няма людзей, але ж сады засталіся, а ласі дужа любяць ласавацца яблыкамі.
Інтуіцыя не падвяла. На ўскрайку вёскі, ля старога сада, у кустах мужчына ўбачыў высокага статнага лася ў пятлі. Па ўсім відаць, жывёла ў пастцы знаходзілася не першыя суткі, бо выглядала знясіленай.
Адразу ж былі выкліканы адпаведныя службы. На месца здарэння прыбылі начальнік Шумілінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь маёр юстыцыі Руслан Марцынкевіч, следчыя, ветэрынарная служба.
Вызваляць жывёлу з палону было складана. Бо лось, вядома, паводзіў сябе не зусім прадказальна. Аблегчыла сітуацыю толькі тое, што пятля была вяровачнай. Прымацаваўшы да шаста нож, Аляксандр Барысевіч перарэзаў вяроўку.
Вызвалены лось не ведаў, як сябе паводзіць. Не пужалі сахатага ні снежкі ў яго бок, ні нават выстралы ў паветра. І толькі пасля таго, як людзі пайшлі да свайго транспарту, жывёла ўпэўненым крокам рушыла цяпер ужо сваім маршрутам.
Здавалася б, шчаслівае заканчэнне, аднак кропку ў гісторыі ставіць рана. Як паведаміла старшы следчы раённага аддзела следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ірына Шэнцава, узбуджана крымінальная справа, канфіскаваныя рэчы адпраўлены на адпаведныя экспертызы. Браканьер вышукваецца, за падобныя жорсткія дзеянні законам прадугледжана такое ж жорсткае пакаранне – пазбаўленне волі да 6 год.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №8 ад 27.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *