Дзе ў маразы пераапрануцца даярцы?
Праца ў жывёлагадоўлі ніколі не была лёгкай. Яна заўсёды патрабавала вялікіх душэўных і фізічных сіл. І кожнаму, хто працуе на ферме – ад даяркі да вартаўніка – хочацца належных умоў працы. Ці адчуваюць сябе камфортна на рабочых месцах жывёлаводы нашага раёна? На гэта пытанне мы паспрабавалі адказаць разам са старшынёй Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнаўцом.
Шчыра кажучы, для аб’езду выбралі не самыя лепшыя фермы. Хутчэй, наадварот – тыя, дзе падчас правядзення дня жывёлаводаў узнікалі праблемы бытавога характару. Так, два тыдні таму разам са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама мы пабывалі на ферме Заўсыска КУСГП “Мішневічы” і ферме Мосарава КУСГП “Сіроцінскі”. Умовы працы на фермах суседніх гаспадарак вельмі адрозніваюцца. Дзве фермы, быццам дзве розныя планеты: у пакоі адпачынку на ферме Заўсыска ўтульна і напалена грубка, а вось на ферме Мосарава яе зусім няма. Пра гэта нам расказалі мясцовыя жывёлаводы, бо мы ж не маглі трапіць у пакой адпачынку па той простай прычыне, што дзверы былі замкнутыя і два тыдні таму, і ў пачатку гэтага тыдня, калі мы наведаліся на ферму. Па словах жывёлаводаў, ім у пакоі адпачынку і рабіць няма чаго, бо “абагравальніку трэба дзень і ноч працаваць, каб хоць крыху ацяплілася памяшканне”. На пытанне, дзе ж даяркі пераапранаюцца, жанчыны кіўнулі на сцяну ля дзвярэй у кароўніку, дзе вісела нейкае адзенне. Прызнацца, такой “раздзявалкі” яшчэ нідзе не сустракалі.
Мясцовыя жывёлаводы, што раскідвалі корм жывёле, расказалі, што “пераапранаюцца ў вакуумнай”. Мы зазірнулі і туды. Першае, што ўбачылі, гэта мутна-белую лужыну пад нагамі. Відаць, прамывалі сістэму, а вада па каналізацыйных трубах не сыходзіла, бо дзесьці “прыхапіла” марозам…
Не чакаючы ўбачыць нічога лепшага, мы накіраваліся на ферму Сіроціна. Там нас сустрэла загадчыца Святлана Духовіч. Для размовы гасцінна запрасіла ў пакой адпачынку. Як толькі туды зайшлі, адразу адчулі цяпло. “У нас свая качагарка, яе пабудавалі падчас рэканструкцыі фермы, – расказала Святлана Леанідаўна. – Так што і пагрэцца ёсць дзе, і пераапрануцца, і гарбаты папіць, і проста пасядзець адпачыць. З аддзела адукацыі нам прэзентавалі стол – бачыце, ён даволі добра ўпісаўся ў інтэр’ер. У нас толькі адна праблема: у пакоі ў дажджлівае надвор’е крыху падцякае дах. Як кажуць, бракуе работа будаўнікоў”.
На ферме Добрына УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” пакой адпачынку, напэўна, яшчэ ў савецкія часы пабудавалі асобна ад кароўніка. Памяшканне аформлена проста, без вялікіх фінансавых выдаткаў. Тут даволі прасторна і цёпла. Ля фермы мы ўбачылі запас дроў – відаць, нядаўна прывезлі прычэп. “Прапаліць грубку – гэта работа вартаўнікоў, – расказала загадчыца фермы Тамара Гендзель. – У нас тут заўсёды цёпла, толькі вось сцены абшарпаныя, іх трэба даўно адрамантаваць, але кіраўніцтва не выдзяляе фарбы. Жывём, як ёсць”.
На фермах Непароты і Маркава ААТ “Прыазёрны мір”, дзе зроблены нядрэнныя пакоі адпачынку, у гэтыя студзеньскія дні не пагрэешся. Тут грубкі не паляцца, бо кіраўніцтва гаспадаркі не паклапацілася прывезці дроў. “З восені яны былі, але ж вельмі хутка скончыліся, – расказалі даяркі фермы Маркава. – Мы стараемся не сядзець у пакоі адпачынку: адпрацавалі – і па дамах. А каму холадна, той паліць печку. Сёння, напрыклад, на змену заступае вартаўнік Уладзімір Слямнёў. Ведаем, што ён нават з дому дроў прынясе, але будзе цёпла”. Добра, што парадуе калег цяплом. Але ж здабываць дровы – гэта не абавязак жывёлаводаў, адзначае з веданнем справы В. В. Юхнавец. Васіль Васільевіч патлумачыў, што згодна з арт. 226 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь стварыць годныя і бяспечныя ўмовы працы для работніка павінен наймальнік. Пакой адпачынку, інфармацыйны стэнд, спраўная і адрамантаваная грубка, запас дроў на зіму – не так і многа патрэбна жывёлаводу. Дастаткова над гэтым папрацаваць аднойчы, а потым усё падтрымліваць у належным стане.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.