Корреспондент отправился в рейд со спасателями…

Безопасность Общество

Рэйд з выратавальнікамі: Пагрэцца. Але не загарэцца

У гэтым годзе ў рэспубліцы ўжо зарэгістравана 438 пажараў, у якіх загінуў 71 чалавек (гэта на 3 больш, чым за аналагічны перыяд 2016 года). У Віцебскай вобласці сёлета адбылося 73 пажары (на 9 больш, чым летась), загінулі 18 чалавек (на 3 больш, чым у мінулым годзе).
Такія трывожныя і несуцяшальныя лічбы прымушаюць супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях быць яшчэ больш пільнымі, праводзіць прафілактычную работу сярод жыхароў раёна.
На мінулым тыдні выратавальнікі правялі адпрацоўку в. Вялікія Ляжні. Разам з першым намеснікам  начальніка РАНС Рыгорам Жуком і старшым інжынерам групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і грамадзянскай абароны Дзмітрыем Пятровым  мы наведалі дамы пенсіянераў, інвалідаў, адзінока пражываючых людзей.
Для адпрацоўкі выбралі менавіта Ляжні, бо тут 16 студзеня быў зарэгістраваны першы ў гэтым годзе пажар. Вядома, пра яго ведалі ўсе вяскоўцы. Таму з разуменнем аднесліся да прафілактычнага рэйду. Адна пажылая жанчына нават сама папрасіла праверыць не толькі яе печку, але і электраправодку: “Паглядзіце, ці трэба яе мяняць. А то неяк боязна –  нядаўна ледзь не згарэў сусед, кажа, што ізаляцыя патрэскалася на старых правадах, вось і атрымалася замыканне – ад гэтага загарэлася кастра на паддашку. Добра, што пажарныя падаспелі, а так бы мужчына мог і без жылля застацца”.
У Ляжнях налічваецца 65 домаўладанняў. У васьмі з іх пражываюць адзінокія пажылыя грамадзяне і інваліды –  іх наведалі падчас рэйду. Выратавальнікі праверылі пажарныя апавяшчальнікі, указалі некаторым гаспадарам памяняць у іх элементы сілкавання. Што тычыцца печак, то яны практычна ўсе былі адрамантаваныя – работа, якая вядзецца выратавальнікамі штогод, дае свой плён. Падтрымліваць печкі ў бяспечным стане дапамагае і сельвыканкам. У прыватнасці, перад ацяпляльным сезонам па просьбе некаторых пенсіянераў ім завезлі гліну і вапну для рамонту печак. ААТ “Ляжні” закупіла для сваіх работнікаў шэсць пажарных апавяшчальнікаў.
Старшыня Дабейскага сельсавета Аляксандр Аляксеенка і старэйшына вёскі Надзея Лазука, якія таксама прымалі ўдзел у рэйдзе, параілі выратавальнікам зайсці яшчэ і ў дамы нядобранадзейных сем’яў і тых, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей – нагадаць пра бяспеку ніколі не перашкодзіць. Супрацоўнікі РАНС гаварылі пра недапушчэнне курэння ў ложку, пра важнасць спраўнасці электраправодкі, разетак і электраабсталявання, пра чыстку комінаў ад сажы, пра небяспеку пакідання дзяцей без нагляду.  Гаспадарам некаторых дамоў рэкамендавалі прыбіць ля печак перадтопачныя лісты патрэбнага памеру. Выратавальнікі яшчэ раз нагадалі аб правілах прапальвання печак у маразы: патроху і два-тры разы на дзень, каб не было моцнага перагрэву.
Падчас рэйду мы наведалі больш за дваццаць домаўладанняў. А. А. Аляксеенка выказаў  просьбу да супрацоўнікаў РАНС правесці пазапланавую вучобу для членаў аглядальнай камісіі сельсавета, якія ў адказе за пажарную бяспеку ў населеных пунктах. Просьба слушная, і яна будзе выканана ў бліжэйшы час, адзначыў Р. Л. Жук.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *