За мінулыя выхадныя па Віцебшчыне выпала да дзвюх дэкадных нормаў ападкаў, вышыня снежнага покрыва ў некаторых раёнах склала 60-80 см. “Зразумела, што камунальным службам адным з такім снегам справіцца цяжка, – адзначае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Маісеенка. – Райкам ГА БРСМ звярнуўся з ініцыятывай да пярвічных арганізацый аб стварэнні валанцёрскіх атрадаў, якія дапамогуць расчысціць снег у дварах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў, адзінока пражываючых”.
Першымі ініцыятыву райкама ГА БРСМ падтрымала пярвічка Шумілінскай СШ №2 (на здымку). Актывісты маладзёжнай арганізацыі стварылі валанцёрскі атрад, інвалід З. У. Вірэйкіна стала першай, каму маладыя людзі дапамаглі расчысціць снег.
Як расказаў першы сакратар райкама ГА БРСМ Аляксандр Хмарын, валанцёрскія атрады працуюць у большасці пярвічак навучальных устаноў раёна.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №6 ад 20.01.2017 г.