Расчыстка дарог, уцяпленне фермаў і іншыя пытанні
Учора старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў правёў рабочую нараду па пытаннях забеспячэння жыццядзейнасці раёна ў зімовых умовах.
Пачалася нарада з падвядзення вынікаў работы прадпрыемстваў і арганізацый па пераадоленні першага моцнага націску зімы, тым больш, што ўжо на бягучым тыдні сіноптыкі абяцаюць і маразы, хаця і не такія моцныя, і завіруху. Як паказаў аналіз сітуацыі, далёка не ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы добра падрыхтаваліся да работы ў зімовых умовах. Ёсць прыклады безгаспадарлівасці, калі на фермах своечасова не ўцяплілі дзверы, не было сухой падсцілкі для жывёлы, не падвозіліся кармы. У прыватнасці, шмат заўваг было па фермах райаграсэрвісу. Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый і замацаваных за арганізацыямі прадстаўнікоў райвыканкама ліквідаваць недахопы. На нарадзе быў разгледжаны ход работ па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы: рамонт тэхнікі, ачыстка насення, іншае.
Напружана прыйшлося працаваць некалькі дзён запар работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных службаў, каб расчышчаць дарогі, вуліцы, двары, забяспечваць работу транспарту. Кіраўнікам гаспадарак раёна, якія актыўна ўключылі ў работу па расчыстцы дарог і вясковых вуліц тэхніку сельскагаспадарчых арганізацый, была выказана падзяка. Разгледжаны пытанні нарыхтоўкі паліва, уборкі смецця, складзіравання і вывазу снегу з райцэнтра, водазабеспячэння ў вёсках, дзе замерзлі калонкі.
Удзельнікі нарады заўважылі, што з асноўнымі работамі па расчыстцы дарог службы справіліся, на парадку – расчыстка аддаленых і маланаселеных вёсак. Кіраўнікі райспажыўтаварыства і паштовай службы ўзнялі пытанне аб неабходнасці расчысткі разваротных пляцовак, бо аўтамабілі гэтых службаў не могуць развярнуцца ў канцавых кропках сваіх маршрутаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава засяродзіла ўвагу кіраўніцтва ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і сельскагаспадарчых арганізацый на неабходнасці выпрацоўкі ўмоў закупу цялят у насельніцтва і разліку за іх, а таксама на кантрактацыі закупу жывёлы.
На нарадзе былі разгледжаны іншыя бягучыя пытанні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.