А на вуліцы ў нас – святочны час
А на вуліцы ў нас – святкі, час, калі калядуюць і варожаць, і час, калі ўзгадваюць пра Бога. У нашым жыцці святы народныя і святы хрысціянскія перапляліся ў адно цэлае, іх ужо не раздзеліш. Мы радуемся нараджэнню Хрыста і весялімся ад прыходу Каляды.
“А хто гэта – Каляда?”, – пытаецца маленькая дзяўчынка. Як ёй расказаць, хто гэта. Ды вось жа яна, на парозе.
Наперадзе юнак з каляднаю зоркай, а за ім – і гарманіст, і мужык з казой (дзе каза ходзіць, там жыта родзіць), і цыганка, і мядзведзь, тут жа і Дзед Мароз са Снягуркаю… З песнямі, добрымі пажаданнямі. У хаце адразу стала шумна, радасна. А тут Каза, якая скакала, раптам упала. Гаспадары замітусіліся, пабеглі за пачастункамі – каб устала…
З асаблівай цікаўнасцю назіраюць за гэтым вясёлым спектаклем дзеці, убіраюць у сябе дух народнай традыцыі. Сёння традыцыю Каляд у шумілінскія дамы нясе народны фальклорны калектыў “Гульбічы”, нясуць іншыя аматары. І калі ваш дом не абышлі Калядкі, скажыце ім дзякуй, усё ў вас будзе добра. Калі ж вясёлыя госці яшчэ не дабраліся да вашай хаты, запрасіце іх, ёсць час. Каляды доўжацца з 6 па 19 студзеня – з Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.