Музей і рэдакцыя: пішам гісторыю разам
Жыццё імгненнае. Яно насычана безліччу разнастайных падзей, маштабных і дробных, радасных і сумных, цікавых і радавых. Жыццё кожнага чалавека, жыццё рэгіёна, жыццё краіны ці нават усяго зямнога шара. Падзеі змяняюць адна адну, але нават самыя грандыёзныя з іх час сцірае вельмі хутка. З памяці чалавека, з памяці пакалення.
Затрымацца ў прасторы і часе, быць рэчаіснасцю, пераскокнуць цераз гады і дацягнуцца да сучасніка мінуламу дапамагаюць музеі. А яшчэ газеты. Ёсць у іх аднолькавая функцыя. І калі музеі створаны менавіта для таго, каб захоўваць гістарычную памяць і спадчыну мінулых эпох, то газеты пішуць летапіс сённяшняга дня. Здавалася б, што можа быць больш мімалётным, эфемерным? Паўсядзённасць надзвычай хутка траціць сваю актуальнасць: прайшло – і забыліся. І толькі ўзяўшы ў рукі цяжкую, пажаўцелую ад часу падшыўку, разумееш і нават фізічна адчуваеш значнасць усяго таго, што яна змяшчае. Кожны артыкул, заметка, невялікая тэкстоўка ці інфармацыя працуюць на вобраз часу. У выніку выпісваецца надзвычай дакладны партрэт рэчаіснасці. Газета можа расстаўляць акцэнты ці проста канстатаваць факты, можа высмейваць заганы грамадства, а можа пісаць на патрэбу дня, аднаго яна не можа сабе дазволіць – не зафіксаваць імгнення. Гады разбураюць любыя надбудовы і ўмоўнасці, у выніку патомкам дастаецца рафінаваны прадукт, які не пакідае ніякіх сумненняў у сваёй праўдзівасці.
Гэта выдатна разумелі піянеры музейнай справы Шумілінскага раёна. А таму, каля 30-ці год назад, калі толькі пачыналі фарміравацца фонды раённага музея, яго дырэктар Л. В. Голубева разам з захавальнікам фондаў музея Д. М. Нікіфаравай адправіліся ў Ленінград у Расійскую нацыянальную бібліятэку імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына. Яны прывезлі адтуль арыгіналы некалькіх нумароў “Сталінскага сцягу”, копіі старонак “Ленінскага шляху”, “Запаветаў Ільіча”. Сёння ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі можна пазнаёміцца, да прыкладу, з газетамі 1933, 1937 гадоў, пагартаць копіі матэрыялаў больш позніх газет.
“Мы разумеем, наколькі гэта важна, а таму абавязкова збіраем, афармляем і старанна захоўваем у фондах падшыўкі “Геройкі”. Любы, хто цікавіцца, можа прыйсці ў музей і пагартаць раёнку мінулых гадоў, знайсці нейкую інфармацыю”, – кажа дырэктар музея Святлана Іванова.
Дарэчы, з нагоды 85-годдзя раённай газеты “Герой працы” ў музеі з 20 да 31 студзеня будзе працаваць спецыяльная выстава “Жывая гісторыя газетных старонак”, на якой будуць прадстаўлены ўнікальныя арыгіналы раённай газеты, копіі, іншыя цікавыя матэрыялы пра гісторыю газеты і журналістаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.
Музейные работники понимали, что потомкам может достаться рафинированный продукт. Или как? Я может неправильно понял пра «рафинаваны прадукт». Написано как-то путано, не понятно. И ещё. Было б неплоха перед юбилеем наладить встречи в коллективах, где журналисты рассказали бы о том, как жилось и как работалось. А может и в самой редакции. Было б полезно…