“У ботах нечага хварсіць, трэба валёнкі насіць”
Даўней на Шуміліншчыне было распаўсюджана шапавальства – народны промысел па вырабах з воўны галаўных убораў і валёнак. Асаблівай папулярнасцю карысталіся валёнкі. Кажуць, што іх выраблялі цэлымі вёскамі, а сакрэты майстэрства перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Зараз у нашым раёне вельмі мала майстроў па вырабе валёнак. Але аднаго мы ўсё ж знайшлі – А. М. Прохарава з вёскі Вялікія Ляжні.
Аляксандр Міхайлавіч вырабляе валёнкі больш за дзесяць гадоў. Кажа, што вельмі марыў навучыцца гэтай справе, бо многа гадоў трымае авечак, а іх воўна незапатрабаваная. Да таго ж сам, працуючы ветурачом у мясцовай гаспадарцы, усю зіму носіць валёнкі – цёпла і практычна.
“Маімі настаўнікамі былі мясцовыя шапавалы Кузьма Бібін з Ляжнёў і Мікалай Лазінскі з вёскі Зарака, – расказаў А. М. Прохараў. – Акрамя таго, самастойна па кнігах і ў інтэрнэце знаёміўся з рознымі “рэцэптамі” вырабу валёнак. Аднак, самы выпрабаваны, на маю думку, – вясковы дзедаўскі спосаб. Ён надзейны і экалагічна чысты, бо для вырабу бярэцца толькі авечая воўна, і ніякіх дабавак”.
Аляксандр Міхайлавіч паказаў майстэрню, якая знаходзіцца ў звычайнай лазні. Тут майстар захоўвае брусы-калатушкі, раскаткі, калодкі і іншыя прыстасаванні для вырабу валёнак. Дарэчы, на выраб адной пары абутку патрабуецца цэлы дзень. А. М. Прохараў вынес некалькі жаночых і мужчынскіх мадэляў – яны адрозніваліся і па памеры, і па колеры. У некаторых з іх яшчэ знаходзіліся драўляныя калодкі – валёнкі не да канца высахлі. Рамеснік расклаў усё сваё багацце на стол, дазволіў сфатаграфаваць, а вось сам ухіліўся ад аб’ектыва. Затое згадзіўся расказаць пра тэхналогію вырабу валёнак.
“Галоўнае – расстарацца на чыстую, якасную авечую воўну. Яна менавіта такая ад авечак (іх стрыгу два разы на год) з уласнай атары, – кажа А. М. Прохараў. – Спачатку воўну трэба расчасаць на часальнай машыне. Паколькі ў нашым раёне такой паслугі няма, важу воўну ў Бешанковіцкі райбыткамбінат.
Першы этап вырабу валёнак – гэта сухая закладка. На трафарэт (у мяне ён з плёнкі) выкладваецца аснова будучага валёнка. Атрымліваецца вялікая рыхлая панчоха, шэрсць якой прыціскаецца пры дапамозе драўлянай раскаткі. Напэўна, адсюль і старажытная назва – некаторыя старыя людзі называюць валёнкі катанкамі.
Потым загатоўку трэба “закатаць намокрую”: валёнак паліваюць гарачай вадой і працягваюць валяць. Затым валёнак абуваюць на драўляную калодку пэўнага памеру і выроўніваюць пры дапамозе драўлянага вугалка для выбівання “носа”. Пры гэтым таксама паліваюць гарачай вадой – у такім разе фарміруецца моцны лямец (рус. — войлак)”. Цікава, што для правага і левага валёнка адны і тыя ж калодкі. Абутак набывае форму нагі ў працэсе носкі.
Апошні этап – ушчыльненне валёнка або варсоўка. Пры гэтым з дапамогай пемзы ўбіраецца лішняя поўсць, валёнак становіцца гладкім і прыгожым. Напрыканцы будучы абутак сушыцца (на гэта патрабуецца двое сутак) на печцы ці батарэі.
За зіму А. М. Прохараў робіць па дзесяць пар валёнкаў, а то і больш. Не толькі для сябе, але і для сваіх родных, знаёмых, суседзяў. Асабліва карыстаюцца попытам валёнкі сярод пажылых людзей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.