Надзея Лук’янаўна Быкава: “Пра што я марыла, усё збылося”

Актуалии Людзі і лёсы

Надзея Лук’янаўна Быкава: “Пра што я марыла, усё збылося”

“Пра што вы кажаце, якія 90 год?”, – Надзея Лук’янаўна Быкава як сапраўдная жанчына ўзрост свой не прызнае. Хаця ў тым, што яна справіла такі важкі юбілей, сапраўды можна засумнявацца. Жанчына дэманструе востры розум, дасціпнасць, выдатнае пачуццё гумару, жвавасць, цікаўнасць да ўсяго, што адбываецца. Багаты жыццёвы вопыт дазваляе ёй глядзець на жыццё з аптымізмам, любіць людзей і чакаць толькі добрых навін.
Надзея Лук’янаўна прызнаецца, што жыла і жыве шчасліва. Амаль стагоддзе – гэта нямала нават для эпохі, а калі гаворка ідзе пра асобна ўзятага чалавека, то можна сабе ўявіць каштоўнасць яго ўспамінаў, унікальнасць яго адчуванняў і ўражанняў. Сёння ўсё мяняецца надзвычай хутка, і, магчыма, чалавеку, які нарадзіўся яшчэ да вайны, не паспець за імклівым бегам часу. Але каму гэта трэба, калі жыццём даўно выпрацавана  нейкая свая ўладкаванасць, камфортная і ўтульная, што дазваляе кожны новы дзень сустракаць з радасцю.
Побач у Шуміліне заўжды клапатлівыя і ўважлівыя дачка з зяцем, прыязджае ў госці з Маладзечна і сын з сям’ёй. Раз на тыдзень прыходзіць сацыяльны работнік, які дапамагае гаспадыні падтрымліваць ідэальны парадак у доме. А парадак – гэта яе фішка, як кажуць зараз. Надзея Лук’янаўна прыбіраецца штодня, хаця сама прызнае, што і смеціць у яе няма каму, але па-іншаму не можа – прыродная акуратнасць. Вось устае раніцай, корміць сваіх куранятак (!), запраўляе ложак, снедае і займаецца домам. І толькі поўнасцю справіўшыся, можа дазволіць сабе прысесці ля тэлевізара. Звычайна гэта бывае а 17-ай гадзіне. “Дачка мне заўжды кажа: “Мама, ну чаму ты днём тэлевізар не глядзіш, столькі ж добрых перадач паказваюць?” – А як я днём сяду? Быццам справілася ўжо, быццам мне заняцца больш няма чым”, – разважае Надзея Лук’янаўна. Вось так, ніякія гады не прымусяць памяняць свой прывычны рытм жыцця. Магчыма, і ў гэтым сакрэт даўгалецця чалавека. Дарэчы, і на здароўе жанчына не скардзіцца, кажа, што да дактароў звяртаецца нячаста, калі што – сама лечыцца.
Калі пачалася вайна, Надзі было 14  год, а ў 15 яна ўжо трапіла ў партызанскі атрад. Расказвае, што тады ўсіх, хто быў 1925-26 гадоў нараджэння, адпраўлялі ў Германію. Яна нарадзілася ў 27-ым, але ж у студзені – таму сям’і было неспакойна. На сямейнай нарадзе было вырашана паспрабаваць адправіць дзяўчынку ў партызанскі атрад. “У братавай жонкі – таксама Надзькі, як і я, – брат быў у партызанах. Яна і ўзялася мне дапамагчы. Кажа, завяду цябе да свайго брата ў брыгаду, – расказвае Надзея Лук’янаўна. – Праўда, трапіла я ў іншую брыгаду, тую, якая побач на заданні знаходзілася. Гэта была 1-я Віцебская брыгада пад кіраўніцтвам камбрыга М. Ф. Біруліна. У ёй я і засталася на ўсю вайну”.
Юная Надзея прымала ўдзел ва ўсіх баявых аперацыях у Віцебскай вобласці: “Мой абавязак быў падаваць патроны, я так і хадзіла з патроннымі стужкамі наперавес”. Партызанская брыгада складалася з трох атрадаў, і ў кожным атрадзе было шмат вось такіх, як Надзея, маладых дзяўчат.
Калі скончылася вайна, ёй толькі споўнілася 18 год. Успамінае, як вярталася ў свае родныя Вялікія Лётцы на таварным цягніку: “Я па-прасіла машыніста, каб ля моста ў Лётцах ён сцішыў хаду, і я магла саскочыць. Усе глядзелі, давалі парады, як лепей гэта зрабіць, хваляваліся, каб не забілася. Я скокнула ўдала, памахала ўсім рукой і пайшла да сваёй хаты”. Толькі дома свайго Надзея не знайшла: хату разбамбіла, і бацькі перайшлі ў чужы дом, які пуставаў. “Гляджу, сядзіць мой баця, касу б’е. Я паклікала. Ён убачыў мяне і слова вымавіць не мог ад радасці”, – успамінае жанчына.
Потым сястра Ганна перацягнула Надзею ў Шумілінскі раён, у Саломенку. Там яна пазнаёмілася з мужам, з якім была шчаслівая ўсё жыццё. Мужа не стала даўно, нядаўна пайшла з жыцця і сястра. І сёння Надзея Лук’янаўна кажа, што самае галоўнае, каб усе былі жывыя і здаровыя, што яна нават чуць не хоча ні пра якія дрэнныя весткі.
“Мне здаецца, пра што я марыла, усё збылося”, – адказвае Надзея Лук’янаўна на пытанне, ці спраўджваюцца мары, і зноў успамінае сваё шчаслівае сямейнае жыццё. Годнай была і працоўная біяграфія жанчыны: яна 20 гадоў адпрацавала ў РЭСе, і начальнік арганізацыі Дзмітрый Муркоў – часты госць у яе доме. Пазнаёміцца і павіншаваць з асабістым святам ветэрана вайны, уладальніка ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені, юбілейных медалёў прыйшоў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага раённага камісарыята падпалкоўнік Андрэй Собін. Падарункі і цёплыя словы прыняла юбіляр ад старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Кацярыны Палоўнікавай.
Юбілей выдаўся багатым на цёплыя сустрэчы, шчырыя віншаванні, добрыя пажаданні. Няхай жа гэта ўсё дабавіць сіл і здароўя гэтай выдатнай жанчыне. А радасць жыцця, прыродны аптымізм і дасціпнасць, уласцівыя ёй ад прыроды, дазволяць Надзеі Лук’янаўне Быкавай яшчэ доўга і шчасліва жыць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Сямейнае фота з архіву Н. Л. Быкавай.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.



1 комментарий по теме “Надзея Лук’янаўна Быкава: “Пра што я марыла, усё збылося”

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *