Вытрымаць зімовыя іспыты
Зіма з яе сюрпрызамі надвор’я – гэта сапраўднае выпрабаванне для жывёлагадоўчых комплексаў, для калектываў фермаў.
Фермы пачалі ўцяпляць яшчэ задоўга да пачатку зімы. Хто зрабіў гэта з усёй адказнасцю, а хто так сабе – гэта правяраюць маразы. Спецыялісты райсельгасхарчу, якія кожны дзень аб’язджаюць фермы раёна, ставяць задачу нумар адзін: не замарозіць жывёлу. Жывёлаводы дадаткова ўцяплілі дзверы і малочныя блокі, яшчэ раз абабілі вокны двайной плёнкай (асабліва там, дзе рамы далёка не новыя).
Сярод гаспадарак раёна, якія лепш за іншых падрыхтавалі свае фермы да зімы, можна назваць ААТ “Лаўжанскае”, расказалі спецыялісты райсельгасхарчу. Пра жывёлагадоўчыя пытанні, маразы і надоі вядзём размову з дырэктарам акцыянернага таварыства Аляксеем Пытко. “Прыход зімы не быў нечаканасцю, зразумела, мы рыхтаваліся, – кажа Аляксей Мікалаевіч. – І ў вялікія маразы надоі не зменшыліся ні на адной ферме. Усе жывёлаводы стараюцца.
Калі якія праблемы, загадчыкі фермаў адразу б’юць трывогу. На ноч на кожнай ферме знізу ўваходныя дзверы засыпаем тоўстым слоем снегу – атрымліваецца нават цяплей, чым абкладваць саломай. Ад вартаўнікоў патрабуем кожную гадзіну абыходзіць фермы і аглядаць жывёлу. Больш таго, на час вялікіх маразоў у гаспадарцы арганізавана дзяжурства спецыялістаў: па графіку мы наведваем кожную ферму не толькі днём, але нават і ноччу. Так што ўсё пад кантролем”.
У сувязі з маразамі ў сельгаспрадпрыемствах зменены рацыён жывёлы: рэкамендавана кожнай жывёле даваць на 20% больш, чым звычайна, сенажу ці сена, расказаў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў. На фермах з бяспрывязным утрыманнем выкарыстоўваецца глыбокая падсцілка. Практычна ва ўсіх гаспадарках цялят з прафілакторыяў перавялі на фермы, дзе цяплей.
Што тычыцца гноетранспарцёраў, то іх у вялікі мароз пасыпаюць соллю або калійнымі ўгнаеннямі, якія прадухіляюць утварэнне лёду. На ўсіх фермах раёна, як і раней, трохразовае даенне кароў. Для падагрэву вады працуе кацёл на дрывах. Ва ўсіх пакоях адпачынку паляцца грубкі. “Падчас аб’езду фермаў у канцы мінулага тыдня работнікі райсельгасхарчу мелі на мэце памераць тэмпературу ў хлеўчуках: яна была не ніжэй за шэсць-сем градусаў, – расказаў Андрэй Аляксандравіч. – Гэта нармальна для буйной рагатай жывёлы. Галоўнае, каб было суха, сытна і без скразнякоў. Самая марозная ноч была з 7 на 8 студзеня (месцамі было мінус 35 градусаў). Вельмі баяліся, каб не размерзлася сістэма на жывёлагадоўчым комплексе ў “АграБаравінцы”. Але комплекс выстаяў. Праўда, на некаторых фермах крыху “прыхапіла” марозам ваду ў паілках, якія блізка ля ўваходных варот – прыйшлося адаграваць. Але ж гэта дробязі, галоўнае, што аўралаў не было”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №4 ад 13.01.2017 г.