Аляксандр Дземянцей жадае лёгкай хады
Партрэт індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Дземянцея мы бачым на раённай Дошцы гонару, і гэтую пашану ён заслужыў сваімі рукамі.
15 год Аляксандр Пятровіч займаецца прадпрымальніцтвам. Як рашыўся? Ды жыццё прымусіла, кажа. Рамантаваў абутак у райбыткамбінаце, заробкі былі мізэрныя, ды і тыя затрымлівалі на два-тры месяцы, а дома сям’я, двое сыноў падрасталі, вось і рызыкнуў.
Вядома, узбівацца на самастойную каляіну на гэтым прадпрымальніцкім тракце было вельмі складана. Абсталяванне, арэнда, падаткі – на ўсё патрэбны былі грошы. Але ў руках ён трымаў надзейнае рамяство, якое пакрысе і дапамагло ўстаць на ногі. Ці кожны год бярэ водпуск? У першыя гады, кажа, і не да водпуску было, і не да выхадных. А цяпер ужо ўзяў за правіла сістэматычна браць водпуск тыдні на тры, ехаць з жонкай у санаторый, потым па яе родных мясцінах. І па нядзелях цяпер не працуе, гэты дзень цалкам прысвячае гадавалай ўнучцы Сонечцы.
Пытаюся, які сезон больш багаты на парваныя чаравікі. Ды вось, усміхаецца майстар, роўна з 25 жніўня (калі ўспамінаюць, што дзяцей трэба ў нешта абуваць у школу) і да мая абутку валам. А летам зацішша, заказаў менш напалову.
Наконт таго, ці думае ён пашыраць вытворчасць, Аляксандр Пятровіч шчыра прызнаецца, што хацелася б, але ёсць боязь растучых тарыфаў на электрычнасць, ацяпленне, арэнду, на іншыя расходы.
Аляксандр Пятровіч зычыць чытачам “Герой працы” не баяцца рабіць рашучыя крокі ў сваім жыцці, спрабаваць сілы ў новай для сябе справе, перамагаць абставіны. А яшчэ ён жадае ўсім здароўя і лёгкай хады.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.2017 г.