Два дома в Оболи получили новую крышу

Актуалии Общество Экономика

У новы год – з новым дахам
Дамы № 5 і № 7 па вуліцы Першамайскай, што ў Обалі, нібыта браты-блізняты, жартуюць мясцовыя жыхары. Пабудаваны гэтыя шматпавярхоўкі ў 1970-ым годзе аднымі з першых у гарадскім пасёлку, у абодвух дамах па два паверхі і па шаснаццаць кватэр. І абодвум даўно патрабаваўся рамонт. Жыхары скардзіліся на тое, што цячэ дах. І калі з раённага бюджэту выдзелілі грошы, было вырашана памяняць плоскі  дах на скатны.
Дзеля гэтай работы падрадчык – УП ЖКГ – наняў ПМК-70. «На працягу двух месяцаў тут працавала брыгада муляроў, тынкоўшчыкаў, цесляроў пад кіраўніцтвам Сяргея Маскалькова, – расказаў старшы прараб ПМК-70 Васіль Новікаў. – Каб хутчэй справіцца, падоўжылі рабочы дзень – працавалі да сямі гадзін вечара. Калі цямнела, дапамагалі пражэктары. Нашы будаўнікі знялі стары руберойд, зрабілі вентыляцыйныя шахты, уцяплілі дах, устанавілі кроквенную сістэму і накрылі дах асбестацэментнымі лістамі». Акрамя таго, работнікі камунгасу памянялі ў пад’ездах дзверы, замянілі асвятляльныя прыборы на кожнай пляцоўцы, паставілі новыя электралічыльнікі.
Безумоўна, усімі гэтымі дабротамі, абальчане вельмі задаволены. “Асабліва дзякуй за новы дах, – кажа ад імя усіх жыхароў Наталля Спірыдзенка. – Яго добра ўцяплілі, і ў кватэрах стала больш камфортна. Ну, а на будучае хацелася б пажадаць рамонтнікам карыстацца спецыяльным покрывам для дахаў, ведаю, што ёсць такія. Тады хоць сцены ў кватэрах застануцца сухімі”. Так, падчас рамонту не абышлося без непрыемнасцяў: калі стары руберойд знялі, а новы дах не паспелі накрыць, пайшоў дождж. Пацярпелі літаральна ўсе кватэры. У выйгрышы аказаліся тыя, хто загадзя застрахаваў кватэру ці маёмасць – ім выплацілі матэрыяльную кампенсацыю. Ну, а астатнім бясплатны рамонт у кватэрах робяць работнікі ПМК-70.  Але і тут не ўсё гладка. Старэйшына дома Надзея Пятроўна Яршова, напрыклад, на днях збіралася звяртацца да кіраўніцтва ПМК-70 з пытаннем: чаму рамонт робяць толькі на той сцяне, якая працякла, а не ва ўсім пакоі?
Новыя дахі –  гэта толькі першая чарга рамонту двухпавярховак у Обалі. “На кожны дом пайшло па 127500 рублёў, – расказаў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела камунгасу Юрый Міцькін. – Другі пускавы комплекс прадугледжвае работы па замене электраправодкі ў кватэрах, сетак вода- і цеплазабеспячэння, каналізацыі. Плануецца зрабіць адмосткі. Таксама просіцца работа на навядзенні парадку ля дамоў: не перашкодзіць адрамантаваць асфальт ля дамоў, зрабіць лавачкі і клумбы. Другую чаргу рамонту  распачнём, як толькі на гэта будуць выдзелены грошы”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *