Не только работу и крышу над головой нашла в Никитихе украинская семья Кравчуков

Актуалии Семья Экономика

На Шуміліншчыне адчуваюць сябе шчаслівымі

Многія жыхары а.-г. Мікіціха працуюць  у ААТ “Лаўжанскае” цэлымі сем’ямі. І такія сямейныя падрады маюць нядрэнны плён, адзначае кіраўніцтва гаспадаркі. Тым больш прыемна, калі за добрую работу адзначаюць маладую сям’ю. Сярод такіх – Алякс андра і Віталь Краўчукі.
З Віталем мы знаёмыя даўно, бо ён у “Лаўжанскім” у кагорце перадавікоў. Сёлета, напрыклад, заняў першае месца ў раёне сярод механізатараў, якія працавалі падчас зялёнага жніва на “Ягуары-850”. У сельгаспрадпрыемстве хваляць за добрую работу і Аляксандру Краўчук, якая працуе даяркай на ферме Латкова. І калі ў гаспадарцы паўстала пытанне, каго аддзячыць паездкай на свята сельскай гаспадаркі ў раён, то адзінагалосна вырашылі: Аляксандру. Яна маладая, талковая, перспектыўная. Так што муж і жонка Краўчукі сёлета разам пабывалі на раённым свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, абодва атрымалі граматы і падарункі за сумленную працу.
Калегі Аляксандры  і Віталя лічаць Краўчукоў не толькі адказнымі работнікамі, але і добрай сям’ёй.
Краўчукі кажуць: “Магчыма, у нас крыху іншы погляд на жыццё, на дабрыню і чалавечыя каштоўнасці. Той, хто бачыў вайну, не звяртае ўвагу на дробязі жыцця. Мы ж у Мікіцісе працуем трэці год. А раней жылі ў сяле Арлоўка, што ў дваццаці кіламетрах ад Данецка. І калі частку нашага дома разбурылі асколкі бомбы, мы вырашылі: трэба ратаваць перш за ўсё нашу дачку. Нам было ўсё роўна куды пераехаць жыць, абы была работа і дах над галавой. Усё гэта знайшлі ў Мікіцісе. Гаспадарка нам выдзеліла кватэру з усімі зручнасцямі. Дапамаглі мясцовыя людзі: хто ложак падарыў, хто шафу, хто стол. Зараз ужо разжыліся і на ўласную мэблю”.
Краўчукі лічаць, што ім пашанцавала ў Мікіцісе і на добрых людзей, і на жыллё, і на ўмовы працы. Да таго, у аграгарадку добрая інфаструктура: ёсць дзіцячы сад, школа, Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, некалькі крамаў, транспартныя шляхі.
Віталю, які і на Украіне працаваў механізатарам у сельгаспрадпрыемстве, адразу было няцяжка ў новым калектыве, няхай і на іншым трактары. А вось Аляксандры прыйшлося асвойваць зусім іншую прафесію. У былым работніца пральні, якая ніколі не даіла кароў, стала даяркай. “Мяне не хвалявалі цяжкасці, ведала, што спраўлюся, – кажа жанчына. – Галоўнае было тое, што мы прыехалі жыць у мірную краіну, што наша дзевяцігадовая дачка Наташа не прачынаецца больш ад выбухаў”.
Краўчукі шчыра прызналіся, што адчуваюць на Шуміліншчыне сябе шчаслівымі. Для іх дом і сям’я – гэта месца, дзе любяць, цэняць і чакаюць, дзе заўсёды падтрымаюць.
Дарэчы, у гэтым годзе ў Віталя і Аляксандры маленькае сямейнае свята – дзесяцігоддзе сумеснага жыцця.  “Шчасце трэба ствараць сваімі рукамі, – кажуць Краўчукі. – І не трэба сядзець і чакаць, што шчасце само зваліцца да вас з неба. Кожны мае права выбіраць, працаваць, старацца, кантраляваць свае думкі і дзеянні. Радасць і шчасце можна прыцягнуць у дом дзякуючы сумеснай рабоце над сабой, над сваімі ўчынкамі”.  І такія развагі маладой сям’і маюць рацыю.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *