Чытае газету больш за паўстагоддзе

Общество

Чытае газету больш за паўстагоддзе

За такіх заўзятых чытачоў раённай газеты, як Ніна Ягораўна Зайцава з вёскі Гаравыя Каўлякоўскага сельсавета, толькі можна парадавацца. Жанчына выпісвае і чытае раённую газету больш за паўстагоддзе. І падчас нашага прыезду мы засталі жанчыну, канешне ж, з раёнкай у руках.
“Калі светлы дзень, дык чытаю і без акуляраў, і гэтым ганаруся, – расказала жанчына. – Не ўяўляю, як бы гэта я не выпісала раёнку. У ёй жа адлюстроўваецца жыццё раёна, яго будні і святы. Люблю чытаць матэрыялы пра сельскую гаспадарку, пра надоі і прывагі – сама ж адпрацавала даяркай усё жыццё. Падабаюцца розныя сучасныя рэцэпты да святочнага стала. Маю звычку выразаць рэцэпты, адкладваць іх у асобны сшытак, а потым дзяліцца з роднымі”. Роднымі жанчына называе трое сыноў, нявестак, шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў.
Практычна ўвесь працоўны шлях Н. Я. Зайцавай быў звязаны з раённай газетай. Пра калгас імя Ільіча, ягонага старшыню Аляксея Семяніду, пра ферму Гаравыя, дзе працавала Ніна Зайцава, неаднаразова пісалі карэспандэнты раённай газеты. У пачатку 60-х гадоў, калі калгас адносіўся яшчэ да Бешанковіцкага раёна, партрэт перадавой даяркі ўпрыгожваў старонкі раённай газеты “Зара”. Калі ў 1985 годзе Каўлякоўскі сельсавет  далучылі да Шумілінскага раёна, пра перадавы вопыт даяркі з фермы Гаравыя пісала газета “Герой працы”. Ніна Ягораўна ведае, колькі сіл, старання і спрыту  патрабавалася, каб раздаіць першацёлак і забяспечыць высокую прадукцыйнасць кароў. Да пашаны і лідарства не імкнулася – проста шчыра і сумленна працавала. Практычна кожны год жанчына была сярод пераможцаў сацыялістычных спаборніцтваў. На абласным і раённых узроўнях ёй уручаліся граматы і падарункі. І сёння жанчына беражліва захоўвае вазу і гадзіннік, якія калісьці ўручылі ёй за чатырохтысячныя надоі.
“Чаго і казаць, раней на ферме цяжка было працаваць, – кажа Н. Я. Зайцава. –  Гэта цяпер аператары машыннага даення, а даўней былі даяркі –  даілі ўручную. З непрывычкі ламіла моцна рукі  і спіну. Прыйдзеш, бывала, вечарам дадому і не ведаеш, за што хапацца: ці за дзяцей, ці за вячэру, ці па гаспадарцы спраўляцца. Але ж дапамагалі маладосць і спрыт.
Вось чытаю раённую газету і дзіву даюся, чаму гэта цяпер ні ў адной гаспадарцы няма чатырохтысячных надояў. Ці то час стаў іншы, ці каровы не такія, ці людзі. Помню, у 70-ыя  гады ўмовы працы былі не вельмі спрыяльныя – многа ручной працы. Але ж дабіваліся лепшых вынікаў. Магчыма, кармленне было іншым. Натуральным, калі можна так сказаць, са сваіх калгасных палеткаў. Каровам давалі ўдосталь сена, зверху пасыпалі мукой. У калгасе вырошчвалі многа кармавых буракоў – іх хапала каровам практычна на ўсю зіму. Таму надоі былі добрымі. Так што сённяшнім кіраўнікам калгасаў можна парэкамендаваць звярнуцца да дзедаўскага спосабу кармлення і пачаць вырошчваць кармавыя буракі”.
Зараз Ніна Ягораўна на заслужаным адпачынку. Да яе наведваюцца дзеці і ўнукі. Матуля кожнага агортвае цеплынёй і ўвагай, падтрымлівае добрым словам. А нядаўна яна адсвяткавала 80-годдзе. Мы зычым нашаму даўняму адданаму чытачу здароўя і даўгалецця.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *