В Шумилино не испугались «Акселя»

Актуалии Экология Экономика

Зіму прынёс “Аксель”

Першы тыдзень новага года падкінуў нам першы зімовы сюрпрыз: нас накрыў цыклон “Аксель”, прынёс снегапады і завіруху. Ну, не так каб зусім накрыў, з галавой, але клопатаў і турбот падкінуў нямала. І праверыў тым самым, як дарожная і камунальная службы гатовы працаваць у не зусім звыклых і спрыяльных умовах.

“Гатовы, працуем у нармальным рэжыме, – запэўніла майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Тамара Буганава. – Райцэнтр і блізляжачыя вёскі Каравайніца, Крупчына, Ільінцы і Баёўку прыводзяць у парадак 5 адзінак тэхнікі: грэйдар, МАЗ, тры МТЗ. Плюс задзейнічана брыгада з 6 чалавек, якая працуе ўручную там, дзе не праходзіць тэхніка”.
Асноўныя работы па расчыстцы дарог, па словах Т. М. Буганавай, пачаліся ў сераду, калі пайшоў снег. З 13.00 чысцілі тратуары, у 15.00 – вуліцы райцэнтра. У 17.00, калі людзі масава пайшлі дадому, зноў прайшлася  тэхніка па тратуарах. Наступны выезд быў у 2 гадзіны ночы. Схема расчысткі традыцыйная: спачатку тратуары, потым асфальтавыя дарогі, пасля гравійкі і дваровыя тэрыторыі.
Начальнік ДРБУ №204 Р. М. Насцюшкін пацвердзіў, што дарожная служба сустрэла цыклон таксама ў поўнай баявой гатоўнасці і працуе ва ўзмоцненым рэжыме. “У нас усё ёсць для таго, каб справіцца са снягамі і галалёдам, – расказаў Руслан Мікалаевіч. – Зараз 13 адзінак спецтэхнікі працуе на лініі.

Дарожная служба ў адказе за дарогі раёна, у прыватнасці, дарогі мясцовага значэння,  – а гэта 670 км. Наогул у такія дні працоўны дзень у вадзіцеляў пачынаецца ў 3 ночы. Спраўляемся. Няштатных сітуацый не здаралася”.
Непасрэдна вёскі чысцяць і прыводзяць у парадак мясцовыя аддзяленні УП ЖКГ, ідуць на дапамогу сельгасарганізацыі.
Усе адказныя службы спраўляюцца. Пра гэта сведчыць і той факт, што ў гэтыя дні, як пацвердзіў начальнік аўтастанцыі Шуміліна В. М. Багданаў, не здарылася ніводнага збою ў графіку руху рэйсавых аўтобусаў.

А надвор’е расслабляцца не дае. І хоць снегапады сціхлі, сёння і надалей сіноптыкі абяцаюць далейшае паніжэнне тэмпературы, нават да мінус 22-25 градусаў. А гэта, напэўна, яшчэ большае выпрабаванне, чым снег і завіруха.
Аднак як бы там не было, а ўсё роўна радасна – нарэшце сапраўдная зіма прыйшла. Мы так засумавалі па гурбах снегу, па маразах, па мяцеліцах. Самы час даставаць лыжы, санкі, канькі… А з нязручнасцямі неяк справімся.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №2 ад 06.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *