Весной шумилинские аграрии должны засеять 8 тысяч гектаров зерновыми и зернобобовыми. Срочно готовим семена

Сельское хозяйство Экономика

Насенне чысцяць, правяраюць, засыпаюць

Вясной у гаспадарках раёна мяркуюць пасеяць 8 тысяч гектараў яравых зерневых і зернебабовых, паўтары тысячы гектараў яравога рапсу, 2250 га кукурузы і 2 тысячы га аднагадовых культур, расказаў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Раман Прасветаў. Таму зараз у гаспадарках клапоцяцца пра насенне яравых зерневых і зернебабовых: чысцяць, правяраюць, засыпаюць.

Кожную партыю зерня прывозяць на праверку ў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Ужо ачышчана 1600 тон насення. Пра яго падрыхтоўку да вясенняй сяўбы расказвае начальнік інспекцыі Аляксандр Шалюта: “Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе аграномы і кіраўнікі гаспадарак адказна падышлі да работы. Калі ў мінулыя гады бывалі выпадкі, што некаторыя партыі насення не адпавядалі нарматывам па засмечанасці або ўсходжасці, то сёлета такога няма. Ва ўсіх гаспадарках маюцца спецыяльныя агрэгаты, на якіх ачышчаюць насенне. Да таго ж, аграномы  паклапаціліся прывезці насенне да нас у інспекцыю на папярэднюю праверку на ўсходжасць, і толькі потым прыступілі да ачысткі  і даводзілі насенне да пасяўных кандыцый. Усё насенне праверана ў СФГ “Раднік”, ААТ “АграБаравінка”, “Прыдзвінскі”, “Лаўжанскае”, “Ляжні”.
Самую вялікую колькасць насення  – 285 тон – трэба падрыхтаваць ААТ “Прыазёрны мір”. У гаспадарцы пакуль выканалі палову да патрэбнага, але кіраўніцтва запэўнівае, што за студзень з работай справяцца.
У аўтсайдарах па падрыхтоўцы насення зерневых і зернебабовых знаходзіцца КУСГП “Мішневічы”. Да яравой сяўбы тут трэба ачысціць 180 тон зерня. Да гэтай работы толькі прыступілі, бо ў гаспадарцы з-за няўплаты была адключана электраэнергія.
Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, насенне яравых зерневых будуць сёлета сеяць не ніжэй другой рэпрадукцыі. На палетках раёна будзе расці зерне раянаваных гатункаў: пшаніца “світанак”, “тома”, “ласка”, васіліса” і “сабіна”, ячмень “бровар”, “бацька”, “водар”, авёс “лідзія” і “запавет”.
У лютым-сакавіку сельгасарганізацыі раёна мяркуюць закупіць 150 тон элітнага насення зерневых у СВК “Альгоўскае” і ААТ “Рудакова” Віцебскага раёна, у ААТ “Кушлікі” Полацкага раёна, а таксама ў Віцебскім занальным інстытуце  сельскай гаспадаркі НАН Беларусі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №2 ад 06.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *