На студзень-сакавік забяспечаны работай
У 70-80-ыя гады меліярацыя была адным з галоўных накірункаў аграрнай палітыкі. Таму на Шуміліншчыне шмат меліяраваных зямель. Аднак інтэнсіўная эксплуатацыя, уздзеянне прыродных і іншых фактараў прывялі да таго, што большая частка меліяраваных палеткаў патрабуе абнаўлення.
Гэтыя работы вядуцца, але не такімі тэмпамі, як хацелася б. Так, у мінулым годзе работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм вялі рэканструкцыю меліярацыйнага аб’екта “Іскра”, які знаходзіцца на тэрыторыі ААТ “Прыазёрны мір”. Працавалі на гэтым аб’екце на працягу кастрычніка, лістапада і снежня. Прачысцілі і абкасілі каналы, прамылі дрэнаж на палетках, аднавілі два трубапераезды. На аб’ект “Іскра”, па словах дырэктара ПМС Аляксандра Вайцянкова, з абласнога бюджэту было выдзелена 38 тысяч рублёў. Усе яны асвоены.
Летась меліяратары таксама вялі тэхнічнае абслугоўванне і догляд сістэм на аб’екце “Слабада” УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, дапамагалі ДРБУ-204 пры будаўніцтве лясной дарогі Новазаронава-Чысці. Але гэтыя аб’екты не дазвалялі поўнасцю забяспечыць усіх работнікаў ПМС працай. Таму, калі ў лістападзе шумілінскім меліяратарам з абласнога бюджэту было выдзелена 70 тысяч рублёў, такая дзяржаўная падтрымка, можна сказаць, акрыліла ўвесь калектыў – змаглі пачаць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы “Казьяны” на тэрыторыі КУСГП “Мішневічы”. На аб’екце былі загружаны, як кажуць, “пад завязку” ўсе работнікі ПМС. І нават не хапала рабочых рук: стварылі пяць часовых рабочых месцаў. У ПМС уладкаваліся людзі, якія стаялі на ўліку ў цэнтры занятасці.
“Не памылюся, калі скажу, што ў лістападзе і снежні работа ў меліяратараў “кіпела”, – расказаў А. Я. Вайцянкоў. – Напачатку брыгада рабочых з дваццаці чалавек з піламі і матакосамі ў руках выдаляла кустоўе на каналах. Хмызняк вывозілі для патрэб уласнай кацельні.
Зараз на аб’екце працуюць тры бульдозеры, два экскаватары і карчавальнік. Вядзём ачыстку меліярацыйных каналаў, прамыўку дрэнажу. Не ведаю, як будзе далей, але на надвор’е ўвесь снежань нам пашчасціла: снегу мала, маразоў не было. Так што працавалі без выхадных і да цёмнага.
На студзень-сакавік прадпрыемства забяспечана работай. Аб’ект “Казьяны”, поўны кошт рэканструкцыі якога складае 337816 рублёў, трэба здаць да 1 ліпеня. Думаю, справімся.
Адказны за аб’ект галоўны інжынер Аляксандр Лакціёнаў. Хочацца адзначыць добрую работу майстра Яўгена Бурца, прараба Валянціны Спірыдавай, машыністаў бульдозераў Валерыя Свірыдзенкі, Мікалая Барысава і Васіля Зазона, экскаватаршчыкаў Рыгора Волкава і Пятра Чарнічэнкі і многіх іншых”.
На гэты год у кіраўніцтва ПМС вялікія планы. Прадпрыемства мае на мэце захаваць калектыў, дасягнуць значнага плёну ў рабоце, каб паправіць сваё фінансавае становішча. Дзеля гэтага шукаюць розных заказчыкаў. Прадпрыемства мяркуе выконваць будаўнічыя работы па пракладцы дарог і інжынерных сетак, займацца добраўпарадкаваннем і іншай гаспадарчай дзейнасцю. Па словах Аляксандра Вайцянкова, у гэтым годзе ПМС мяркуе заняцца меліярацыяй зямель уздоўж аўтатрасы Р-20 (ля Мікіціхі), ёсць планы наконт супрацоўніцтва з “Віцебскэнерга” і з “Белнафтахімам” (на 2017 год запланавана будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі ля Мікіціхі). А яшчэ меліяратары спадзяюцца, што яны стануць субпадрадчыкамі пры будаўніцтве лясной дарогі за вёскай Ляжні.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №2 ад 06.01.2017 г.
А ничего, что фото Шумилинского ПМК-70?