Ніводнае мерапрыемства ў Лаўжанскім сельсавеце не праходзіць без выступлення народнага сямейнага ансамбля “Забава”.
“Большасць артыстаў — мясцовыя, з Мікіціхі, – расказвае мастацкі кіраўнік “Забавы” Аляксандр Петухоў, – таму выступаць тут для нас асаблівы гонар”.
Сярод апошніх выступленняў “Забавы” — канцэрты на святах вёсак Мазурына і Доўгая Ніва. Яны пастаянна радуюць вясковых працаўнікоў шчырымі спевамі на зажынках і дажынках, якія ладзяцца мясцовай гаспадаркай.
Бліжэйшае выступленне “Забавы” пройдзе 24 чэрвеня – у дзень вызвалення сельсавета ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На “ўра” слухачы прымаюць і аўтарскія кампазіцыі “Ой, то забава”, “Каліна-маліна”, і народныя. Усяго рэпертуар “Забавы” налічвае каля ста твораў. Сёння ансамбль добра вядомы як у раёне, так і за яго межамі. Пра ўсё гэта толькі мог марыць Сяргей Семянькоў, калі ў 1991 годзе разам з сям’ёй Аляксандра Мятлы стварыў сямейны музычны калектыў.
Тры гады калектыў быў у творчым пошуку. І толькі ў 1995 годзе “Забава” знайшла сваё творчае крэда і ансамбль на чале з С. Семяньковым першым у вобласці атрымаў званне народнага.
Пад кіраўніцтвам новага мастацкага кіраўніка А. Петухова ансамбль выходзіць на новы творчы этап — пяць разоў пацвердзіў званне народнага. “Забава” была ўдзельнікам усебеларускіх фестываляў і святаў “Беларусь – мая песня”, “Іграй, гармонік”, выступала на канцэртных пляцоўках у рамках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». “Забава” – унікальны ў сваім родзе калектыў, бо нават у вобласці аналагічных ансамбляў адзінкі.
Творчых задум у самадзейных артыстаў шмат. Рыхтуецца новая канцэртная праграма, прэзентаваць якую збіраюцца ў новым Доме культуры аграгарадка Мікіціха, які адпавядае самым сучасным патрабаванням. Гэты Дом культуры быў для іх доўгачаканым падарункам і стаў добрай аправай іх самабытнага таленту.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.