1 января Александр Шатило отметит юбилей

Актуалии Людзі і лёсы

З пачуццём трайнога свята
Гордая пастава, непрыступны погляд. Па характары спакойны, справядлівы і ініцыятыўны, не кідае слоў на вецер. Моцны духам, псіхалагічна ўстойлівы ў любых сітуацыях і гатовы да ўчынку. Ударыць чалавека можа толькі ў выключных выпадках, калі ёсць пагроза жыццю. Калі блізкі чалавек трапіў у бяду і яму патрэбна дапамога, зробіць усё, што ў рамках закона. Вось так ахарактарызавалі калегі Аляксандра Іванавіча Шацілу – былога супрацоўніка РАУС, маёра ў адстаўцы, клапатлівага мужа, бацьку і дзядулю, сапраўднага сябра і проста добрага чалавека. Мы гутарым з Аляксандрам Іванавічам, пастаянным чытачом раённай газеты, напярэдадні ягонага юбілею, які ён адзначае 1 студзеня.
– Аляксандр Іванавіч, скажыце, калі ласка, што адчуваюць людзі, якія нарадзіліся амаль што пад бой курантаў?
– Пачуццё двайнога свята. Помню, у гэты дзень у дзяцінстве заўсёды атрымліваў двайны падарунак, і ад гэтага было асабліва радасна на душы. Ну, а ў дарослым жыцці на Новы год адзначаю яшчэ адно сямейнае свята – дзень шлюбу. Са сваёй жонкай Ларысай Станіславаўнай жывём разам 45 гадоў. Так што сёлета родныя на Новы год будуць віншаваць мяне з трайным святам.
– А якія падарункі запомніліся больш за іншыя?
– Нават не ведаю. За семдзесят дзён нараджэнняў ці запомніш усе падарункі? У юнацтве, напэўна, гэта былі модныя курткі, спартыўны касцюм ці красоўкі. Ну, а некалькі гадоў таму дзеці падарылі мне мабільнік – каб заўсёды быў на сувязі.
– Калі выбіралі прафесію, свядома звязалі свой лёс з  міліцыяй?
–  Шчыра кажучы, выпадкова. Пасля заканчэння школы пайшоў вучыцца ў Харкаўскае вышэйшае бранятанкавае вучылішча. Але танкіста з мяне не атрымалася. Вучоба падалася мне цяжкой, а дысцыпліна занадта строгай. Толькі на тэрміновай ваеннай службе зразумеў, што значаць сапраўдныя “цяжка” і “строга”. Служыў у ракетных войсках на навукова-даследчым выпрабавальным палігоне ў Астраханскай вобласці. У характарыстыцы, якую напісалі  пасля тэрміновай ваеннай службы, мяне рэкамендавалі на работу ў КДБ ці органы ўнутраных спраў. І гэта ўлічылі, калі прыйшоў станавіцца на ўлік ў мясцовым ваенкамаце. Адным словам, мяне ўгаварылі пайсці вучыцца ў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі імя М. В. Фрунзэ. Праз два гады, пасля заканчэння вучобы, і прыйшоў працаваць у РАУС.
– Якую пасаду даверылі ў міліцыі маладому спецыялісту?
– Напэўна, самую складаную і адказную: некалькі гадоў я працаваў участковым інспектарам. Спачатку па Шуміліне, а потым – па Сіроцінскім сельсавеце і ў Язвіне. Першым маім настаўнікам быў участковы з Мішневіч Дзмітрый Мікалаевіч Шашкоў, у доме якога і жыў падчас праходжання практыкі. На ўсё жыццё запомніў, як ён будзіў мяне, яшчэ “зялёнага” тады хлопца, а пятай гадзіне раніцы і штурхаў у плечы да рэчкі Усыса на водныя працэдуры і зарадку.
Некаторы час я працаваў старшым інспектарам прафілактыкі групы крымінальнага вышуку, затым – старшым інспектарам аховы грамадскага правапарадку. За некалькі гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак быў прызначаны на пасаду старшага інспектара-дзяжурнага.
– На якім участку больш падабалася працаваць?
–  Усюды былі свае цяжкасці, свае плюсы і мінусы. Найбольш даспадобы была “жывая работа” з людзьмі – гэта значыць, пасада ўчастковага. Усіх правапарушальнікаў ведаў у твар. Добра вывучыў іх крымінальныя біяграфіі. Вёў прафілактычную работу, раскрываў злачынствы. Раней работа ўчастковага была многафункцыянальнай: ён узбуджаў і раскрываў крымінальныя справы, правяраў супрацьпажарную бяспеку, дзяжурыў на аўтадарогах.
– Ці часта траплялі ў надзвычайныя сітуацыі, калі, скажам, даводзілася браць у рукі зброю?
– Сам па сабе я чалавек вытрыманы, як жартуюць мае сябры “моцны духам”. Каб я пужаўся падчас утаймавання дэбашыраў ці п’янай дракі, такога не помню. За 28 гадоў службы ў міліцыі зброю выкарыстаў толькі аднойчы, калі нецвярозы мужчына кінуўся на мяне з касой. Ды і страляў не ў чалавека, а ў драўляны тэлеграфны слуп. Удар кулі па перамёрзлым слупе (была зіма) здаўся гучным выбухам, і дэбашыр кінуўся наўцёкі. Помню яшчэ адзін выпадак, калі затрымцела сэрца. У міліцыю патэлефанаваў мужчына, назваў свой адрас  і расказаў, што забіў жонку. Калі прыехаў на месца здарэння, то ўбачыў, што ў калідоры тварам да падлогі ляжыць жанчына, а побач з сякерай стаіць мужчына. Я ўзяўся за плячо пацярпелай, каб перавярнуць яе, і ад нечаканасці адскочыў: замест жанчыны аказаўся манекен у парыку. Такога, вядома, я ніяк не чакаў. Пасля гэтага выпадку гаспадар трапіў на лячэнне ў псіхіятрычную лячэбніцу.
– Былыя калегі расказалі, што вас паважалі не толькі міліцыянеры, але і правапарушальнікі. Прычым, нават тыя, каго саджалі за краты.
– Так, я ведаю пра гэта (смяецца-аўт.). Мне ўдавалася знайсці агульную мову з любым. Напэўна, таму, што ў кожным бачыў перш за ўсё чалавека, а не злодзея.
– Ведаем, што вы пачынальнік міліцэйскай дынастыі Шацілаў. А як складалася гэтая дынастыя?
– Калі я пачаў працаваць у РАУС, мой малодшы брат Анатоль служыў у арміі. Прыйдзе, бывала, у водпуск, прымерыць маю міліцэйскую форму і любуецца перад люстэркам – прыгожа. А праз некаторы час сам прыйшоў працаваць у міліцыю, працяглы час быў намеснікам начальніка аховы грамадскага правапарадку. Цяпер Анатоль таксама маёр у адстаўцы. Думаю, мая  і Анатолева служба ў РАУС  былі вызначальнай у выбары прафесіі для маіх сыноў. Ігар зараз працуе першым намеснікам начальніка РАУС, а Андрэй – начальнікам выканаўча-крымінальнай інспекцыі. Цікава, што калі скласці гады нашай агульнай з сынамі службы, то атрымаецца роўна 70.
Цяпер старэйшая ўнучка Насця вучыцца на юрыста. Хто ведае, можа быць, яна таксама будзе працаваць у органах унутраных спраў. Калі астатнія чацвёра ўнукаў у будучым звяжуць свой лёс з аховай правапарадку, то гэтаму не буду пярэчыць.
– Чым зараз займаецца былы міліцыянер у адстаўцы?
– Засмучае, што ўсё радзей займаюся паляваннем і рыбалкай, бо здароўе не дазваляе. Значны адрэзак часу праводжу на дачы ў Цаўях. Там застаўся бацькоўскі дом, і я лічу сваім абавязкам даглядаць яго. Да таго ж, на вёсцы няма ніякага тлуму, спакой і цішыня. Гэтага, напэўна, мне не хапала падчас службы ў органах унутраных спраў, і хочацца кампенсаваць у сталым узросце. Летам на дачы вырошчваю садавіну і гародніну. Даглядаю фруктовы сад. Трымаю трусоў і курэй. Я яшчэ займаюся пчалярствам, у якое ўцягнуўся за некалькі гадоў. Мёду хапае для ўсіх родных, і гасцей ёсць чым пачаставаць.
– Што вы пажадаеце напярэдадні новага года чытачам раённай газеты?
– Перш за ўсё жадаю здароўя і дабрабыту. Спакою на душы і ў сэрцы, больш радасных дзён. Няхай калегі, сябры, блізкія радуюць сваім разуменнем і падтрымкай, надзейным плячом. Няхай пад бой курантаў ажыццявіцца ўсё задуманае. Усім прыемных сюрпрызаў і ўдачы!
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №101 ад 27.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *