“Шуміліна” – першае месца, “Спадарожнік” – другое

Молодёжь Новости Спорт, туризм

“Шуміліна” – першае месца, “Спадарожнік” – другое

У ДзЮСШ у мінулую суботу прайшоў адкрыты турнір па валейболе сярод мужчынскіх каманд, у якім бралі ўдзел дзве гасцявыя каманды – з Сянно і Полацка, і тры шумілінскія – “Шуміліна”, “Спадарожнік” і “Факел”.
Адкрыла турнір сустрэча паміж полацкімі і сенненскімі валейбалістамі. Для вызначэння пераможцы камандам прыйшлося адыграць усё тры партыі, перамогу літаральна вырвала Сянно.
Другі паядынак, як паказалі далейшыя падзеі спаборніцтваў, стаў фінальным. Адносіны паміж сабой высвятлялі  каманды “Шуміліна”  і “Спадарожнік”, своеасаблівая дуэль капітанаў каманд Канстанціна Мончыка і Сяргея Абраменкі. Даўно балельшчыкі не бачылі такога напружання на валейбольнай пляцоўцы. Гульня ішла ачко ў ачко. Кожны валейбаліст паказваў адну з лепшых сваіх гульняў ды і заўзятары, якіх багата сабралася на турніры, раздзяліліся – адны перажывалі за вопытны “Спадарожнік”, другія – за моладзь з “Шуміліна”. Перамога ў сустрэчы засталася за маладзейшымі валейбалістамі.
“Спадарожнік” на турніры заслужыў толькі ўхвальныя словы. Вопыт быў адным з саюзнікаў каманды Сяргея Абраменкі. Магчыма, валейбалістам дзесьці не хапала свежасці, але гэта яны поўнасцю кампенсавалі каманднай гульнёй і добрым бачаннем пляцоўкі. На адным добрым узроўні правёў увесь турнір Аляксей Лебядзеўскі. Другое месца стала для “Спадарожніка” расчараваннем.
“Шуміліна” без варыянтаў выйграла турнір. Кожны ігрок  можа ўзяць на сябе гульню. Добрая фізічная форма і ўзрост пры граматным капітанстве Канстанціна Мончыка – неаспрэчныя плюсы каманды. І, што самае галоўнае, гэтыя валейбалісты хочуць і могуць перамагаць. Асабліва хочацца адзначыць Пятра Лазуку, які, можна сказаць, менавіта сваім майстэрствам дапамог абыграць сенненскую каманду.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №101 ад 27.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *