Для таго, каб своечасова прыйсці на дапамогу людзям, самому трэба быць загартаваным, вынослівым, мужным, без праблем спраўляцца са штодзённым напружаным баявым рэжымам – такой думкі прытрымліваецца начальнік другога каравула райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Пятровіч Маскалькоў. Працуе ён у пажарнай службе ўсяго чатыры гады, але старэйшыя калегі цэняць яго за кампетэнтнасць у рабоце, паважліва клічуць Пятровічам.
А Пятровічу ўсяго дваццаць пяць гадоў. У яго падпарадкаванні – каравул з шасці чалавек, у кожнага з якіх за плячыма багаты стаж работы. Але маладога начальніка каравула паважаюць. Каманды павінны быць дакладнымі, кампетэнтнымі – на пажары дорага кожная мінута.
“Праводжу заняткі з асабовым саставам па фізічнай, аварыйна-выратавальнай падрыхтоўцы, – расказвае І. П. Маскалькоў. – Сачу за спраўнасцю пажарнай тэхнікі. Ну, а ў выпадку пажару пажарны разлік падпарадкоўваецца маім камандам”.
Нямала “вострасюжэтных” выпадкаў у пажарнай біяграфіі Івана Маскалькова. “На жаль, нельга прадугледзець усе надзвычайныя сітуацыі, – гаворыць выратавальнік. – Рыхтуемся да рознага, але бывае і непрадбачанае. Нам прыходзіцца працаваць у лютыя маразы, калі нават сталь не вытрымлівае, на парывах цеплатрас і водаправодаў, а спякотным летам – на тушэнні тарфянікаў”. Каб быць больш загартаваным, Іван займаецца спортам – ён кандыдат у майстры па пажарнаму спорту, па лёгкай і цяжкай атлетыцы. Штогод займае прызавыя месцы ў абласным конкурсе сярод пажарных “Лепшы начальнік змены”, а зараз рыхтуецца да спаборніцтваў на лепшую дзяжурную змену. З яго можна браць прыклад – як з баявога афіцэра, адказнага работніка, добрага спартсмена.
Автор Лариса ЗАЙЦЕВА.
Опубликовано в №56 от 23.07.2010