Доска почёта Шумилинского района: Лариса Головнёва

Актуалии Экономика

Яе вылучаюць пастаянства і адказнасць

Наўрад ці думала калісьці Ларыса Галаўнёва, што большая частка яе працоўнай дзейнасці будзе звязана з вытворчасцю моцных напояў. “Аказалася, што жыццё правярае мяне на трываласць, – усміхаецца Ларыса і дадае: – А я ж як жалеза, мяне гэтым не зманіш, у мяне на першым плане работа, сям’я. Ну і стойкая пазіцыя”.
У маладосці пасля заканчэння віцебскага швейнага вучылішча Ларыса Галаўнёва адпрацавала адзін год на “КІМе”, потым закончыла тэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг і вярнулася да бацькоў у Шуміліна. Вось тут і падвярнулася месца рабочай на “Вежы”, пазней быў камбінат кааператыўнай прамысловасці і прафесія купажыста.
У 2003 годзе Ларыса Анатольеўна ўладкавалася на “Славянскі прадукт” укладчыкам-упакоўшчыкам, дзе праз тры гады стала аператарам лініі разліву цэха разліву, дзе працуе і па сённяшні дзень. Да працоўных абавязкаў адносіцца вельмі сур’ёзна, і ў сваёй аднастайнай і манатоннай на першы погляд рабоце бачыць шмат цікавага і непаўторнага. Да ўсяго ёй камфортна і спакойна ў калектыве, падмацоўвае ўсё гэта стабільная зарплата. Так што не мае сэнсу шукаць іншага.
Кіраўніцтва “Славянскага прадукту” і ўвесь калектыў цэніць у Ларысе Галаўнёвай яе пастаянства, дысцыплінаванасць, працавітасць і адказнасць. Менавіта за ўсе гэтыя станоўчыя якасці прадпрыемства вылучыла сёлета свайго аператара на раённую Дошку гонару.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 16.12.2016г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *