А наперадзе шмат спартыўных перамог
Шумілінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе споўнілася 50 год. Яна стала родным домам для многіх пакаленняў шумілінцаў. Выхаванцы ДзЮСШ пастаянна ўслаўляюць сваімі перамогамі наш раён. Для многіх таленавітых спартсменаў раёна яна “дала пуцёўку” ў вялікі спорт. Спартыўная школа выхавала двух майстроў спорту па валейболе і дзесяць майстроў спорту па грэка-рымскай барацьбе. Таму і не дзіўна, што ў пятнічны вечар спартыўная зала ДзЮСШ была поўная людзей, бо тут прайшлі ўрачыстасці з нагоды юбілею. На мерапрыемства прыйшло кіраўніцтва раёна, кіраўнікі прадпрыемстваў, учарашнія і сённяшнія выхаванцы, былыя работнікі ДзЮСШ і проста спартыўныя заўзятары.
Арганізатары свята арыгінальна падышлі да ўрачыстасцяў, якія яны прайшлі ў форме фрагментаў папулярных тэлеперадач з “прамымі” ўключэннямі з месцаў падзей, сустрэчамі і інтэрв’ю са знакамітымі і цікавымі людзьмі, пазнавальнымі віктарынамі. А замест рэкламных паўзаў былі канцэртныя нумары. Сярод артыстаў былі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова, трэнер па валейболе А. А. Паршыкаў.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў адзначыў, што Шумілінская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа мае багатую і слаўную гісторыю. “Шумілінскія валейбалісты гучна заявілі пра сябе як у вобласці, так і ў рэспубліцы. Барцы з нашага раёна заявілі пра сябе і на міжнароднай арэне”, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Цікавым выдалася выступленне былога дырэктара Шумілінскай СШ №1 М. З. Сямёнава, які ў 80-х гадах браў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве ДзЮСШ. “У 80-х гадах у Шуміліне назіраўся сапраўдны будаўнічы бум , – узгадаў Міхаіл Захаравіч. – Былі ўзведзены Шумілінская СШ №1, цэнтральная раённая бальніца, аздараўленчы лагер у Амбросавічах. Паўстала неабходнасць і ў будаўніцтве спартшколы. Гэта ініцыятыва знайшла разуменне ў раённым Савеце дэпутатаў і райкаме партыі”.
Былы дырэктар ДзЮСШ Л. Р. Цырулік пажадаў сённяшнім выхаванцам ДзЮСШ працягваць слаўныя традыцыі школы. “Гучныя перамогі шумілінскіх спартсменаў наперадзе”, – упэўнена канстатаваў Леанід Рыгоравіч.
Сярод выхаванцаў Шумілінскай ДзЮСШ – Алег Цвяткоў, чэмпіён СССР. На імправізаванай прэс-канферэнцыі Алег ўспомніў пра свае дасягненні, расказаў пра сваіх трэнераў і пра сяброў па пляцоўцы, з якімі былі дасягнуты такія спартыўныя вяршыні.
Гісторыя ДзЮСШ непарыўна звязана з імем трэнера Анатоля Яўгенавіча Завадскага, які аддаў школе больш за 30 год. Дзякуючы яго трэнерскаму таленту, шумілінскі валейбол стаў вядомы ў былым Саюзе. Пра А. Я. Завадскага ўспаміналі яго жонка Лілія Раманаўна і сын Сяргей.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова ўручыла граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама дырэктару ДзЮСШ А. В. Асташонку і трэнеру А. А. Паршыкаву.
З падарункамі на юбілей прыйшлі кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў адукацыі раёна, былыя і сённяшнія выхаванцы спартыўнай школы.
Сённяшні калектыў ДзЮСШ пад выбухі рознакаляровых канфеці задзьмуў свечкі на пяці тортах, якія былі раздзелены паміж самымі юнымі выхаванцамі спартыўнай школы.
Тэкст і фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2016 г.