Асаблівыя людзі – асаблівае стаўленне
Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць інвалідаў у Беларусі па стане на жнівень 2016 года складае 554 423 чалавекі, з іх 29 503 складаюць дзеці-інваліды – гэта 5% ад агульнай колькасці інвалідаў, 1,6% ад агульнай колькасці дзяцей краіны.
За гэтымі лічбамі – лёс людзей з асаблівымі патрэбнасцямі. Ці задумваліся вы, як жывецца гэтым людзям, як жывецца іх родным і блізкім? Думаю, што па меншай меры няпроста, па розных прычынах… Яны праходзяць цяжкі жыццёвы шлях, пераадольваючы перашкоды. Але згадзіцеся, што рэальнай і галоўнай праблемай, з якой сутыкаюцца інваліды, з’яўляецца іх сацыяльнае абясцэньванне і прыгнёт, прадузятае стаўленне да іх (так гавораць самі інваліды).
Давайце ўдумаемся ў словы гэтых людзей:
“Ніхто не застрахаваны ад хваробы. Не смейцеся з скалечаных і хворых, на іх месцы лёгка можаце аказацца і вы”.
“Усе людзі розныя. Адны нараджаюцца моцнымі, іншыя могуць захварэць. Але калі ты хварэеш, ты павінен быць больш упартым, чым здаровы: у дыеце, трэніроўках, абмежаваннях…”.
“Няважна, які ў чалавека дыягназ, важна ставіцца да яго паважліва, і даць магчымасць годна жыць”.
“Каб любіць жыццё, не абавязкова мець усе даброты свету. Для гэтага дастаткова навучыцца цаніць яго і ведаць, што ўсё ў нашых руках, нават калі гэтыя рукі напалову паралізаваныя”.
“У Еўропе інваліды – гэта людзі “з павышанымі патрэбнасцямі”, а ў нас – “з абмежаванымі магчымасцямі”. Вось і ўвесь менталітэт.
… Інваліды – звычайныя людзі, і для іх важна ўсё, што важна для ўсіх. Аднак яны маюць вельмі важную патрэбнасць – у разуменні і прыняцці. Наша задача – зразумець, прыняць і прызнаць! Ад кожнага з нас залежыць, як яны будуць адчуваць сябе ў грамадстве.
Шэпат
Ехаў неяк малады чалавек на новым ззяючым “ягуары” ў выдатным настроі, напяваючы нейкую мелодыю. Ён убачыў дзяцей, якія сядзелі ля дарогі. Калі ён асцярожна іх аб’ехаў і сабраўся зноў набраць хуткасць, раптам пачуў, як у машыну ўдарыўся камень. Малады чалавек спыніў машыну, выйшаў з яе і, схапіўшы аднаго з хлапчукоў за каўнер, пачаў яго трэсці з крыкам:
– Нягоднік! Якога ліха ты кінуў у маю машыну камень! Ты ведаеш, колькі яна каштуе?!
– Даруйце мне, – адказаў хлопчык. – Я не збіраўся псаваць вашу машыну. Справа ў тым, што мой брат – інвалід, ён вываліўся з каляскі, і я не магу яго падняць, ён вельмі цяжкі для мяне. Ужо некалькі гадзін мы просім дапамогі, але ніводная машына не спынілася. У мяне не было іншага выйсця, акрамя як кінуць камень, інакш і вы б праехалі міма.
Малады чалавек дапамог хлопчыку пасадзіць інваліда ў крэсла, стараючыся стрымаць слёзы і падавіць падступіўшы да горла камяк. Затым ён агледзеў умяціну на новенькай бліскучай дзверцы.
Ён ездзіў на гэтай машыне яшчэ доўгія гады і заўжды казаў “не” механікам, якія прапаноўвалі адрамантаваць умяціну, таму што яна пастаянна нагадвала яму: калі ты праігнаруеш шэпат, у цябе паляціць камень.
Сляпы
Сляпы чалавек сядзеў на прыступках з капелюшом ля ног і таблічкай з надпісам: “Я сляпы! Калі ласка, дапамажыце”. Адзін чалавек праходзіў міма інваліда і кінуў яму пару манет. Заўважыўшы, што капялюш амаль пусты, ён напісаў новыя словы на таблічцы.
У канцы дня ён вярнуўся і ўбачыў, што капялюш поўны манет. Сляпы пазнаў яго па кроках і запытаў, што ён напісаў на таблічцы? Прахожы адказаў:
– Нічога такога, што было б няпраўдай! Я проста напісаў яе крыху па-іншаму, – ён усміхнуўся старому і пайшоў.
Новы надпіс на таблічцы застаўся: “Зараз вясна, але я не магу яе ўбачыць!”
Матэрыялы падрыхтавала педагог-псіхолаг ЦКРНіР Наталля КЛІМЕНЦЬЕВА.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2016 г.