Как предотвратить подростковую преступность — об этом говорили на областном координационном совещании

Актуалии Молодёжь Общество

Ніводнае дзіця не павінна быць без нагляду

30 лістапада ў рэжыме відэаканферэнцыі адбылася абласная каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якую правёў в. а. пракурора Віцебскай вобласці А. В. Сідаровіч. У рабоце нарады браў удзел намеснік старшыні аблвыканкама У. П. Пенін, кіраўнікі і спецыялісты абласных і раённых структур, што з’яўляюцца суб’ектамі прафілактыкі злачыннасці. У парадак дня нарады было ўнесена пытанне аб папярэджанні падлеткавай злачыннасці і выяўленні дзяцей, якія апынуліся ў экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі, звязанай з насіллем і ўцягваннем ў злачынную дзейнасць.
Як адзначыў ва ўступным слове А. В. Сідаровіч, парадак дня вызначаны ростам злачыннасці сярод непаўналетніх, асабліва цяжкіх і палавых злачынстваў, злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюджаннем наркотыкаў.
З дакладам выступіў намеснік абласнога пракурора Г. А. Каранько. “Аналіз сітуацыі паказвае, што ў 2016 годзе пагоршылася якасць прафілактычнай работы з дадзенай катэгорыяй, – падкрэсліў дакладчык. – Адзначаецца рост групавой і рэцыдыўнай злачыннасці. Зарэгістравана 31 злачынства, звязанае з насіллем у адносінах да дзяцей (у 2015 годзе было 19), з 1 да 17 павялічылася колькасць палавых злачынстваў. Адсутнічае сістэма выяўлення такіх выпадкаў і дапамогі дзецям у падобных сітуацыях”.
Справаздачу трымалі начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Д. Л. Хама, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама А. У. Андрушкін, в. а. намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама В. А. Петкун, якія расказалі пра работу, якая вядзецца па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці.
У ходзе абмеркавання пытання падкрэслівалася, што факты сведчаць пра недастатковы ўзровень работы ўсіх структур, ёсць выпадкі фармалізму, абыякавасці, слаба вядзецца работа з грамадскасцю, сем’ямі. Не кантралюецца круг зносінаў падлеткаў, асабліва з групы рызыкі, што прыводзіць да іх уцягвання ў правапарушальную і злачынную дзейнасць, да насілля над падлеткамі і дзецьмі.
Падкрэслівалася неабходнасць павышэння ролі грамадства ў выяўленні фактаў насілля над дзецьмі, сямейнага недабрабыту. Недапушчальна, калі суседзі, аднавяскоўцы раўнадушна праходзяць міма, не паведамляюць у адпаведныя органы пра вядомыя ім факты злачынстваў і правапарушэнняў.
Уся работа павінна быць накіравана, у першую чаргу, на абарону дзяцей, асабліва ў сем’ях, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Калі бацькі не могуць абараніць дзяцей, значыць гэта павінны рабіць адпаведныя службы. Ніводнае дзіця не павінна быць без нагляду.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *