Піць, каб мужу дасталася менш; піць, каб быць прыгожай і пераканаўчай; піць, каб не так страшна было жыць… Справа не ў тым, што ім смачна, а ў тым, што без гэтага немагчыма існаваць.
… Я співалася на працягу 22-х год, 18 з якіх не прызнавалася сабе ў гэтым. Я п’ю, бо падабаецца. Як толькі захачу спыніцца – спынюся. Я не планавала стаць алкагалічкай, ведала, што алкаголь – гэта дрэнна. Мой бацька быў залежны. Упершыню я паспрабавала ў 13 год. І аказалася, што 50 грамаў шампанскага імгненна вырашаюць усе праблемы, 50 грамаў – і ты прыгожая, разняволеная, упэўненая ў сабе. Да 18 год я не ўжывала – мама строга за гэтым сачыла. Я напілася перад экзаменам у ВНУ. Алкаголікі заўжды п’юць перад важнымі жыццёвымі падзеямі. Ім страшна. Вядома, што ні ў які інстытут я не паступіла. Але я знайшла сабе апраўданне – там адны карупцыянеры, і такім сумленным, як я, паступіць без блату немагчыма. З гэтым перакананнем я жыла 20 год. Алкаголікі заўжды знойдуць сабе апраўданне, і знойдуць вінаватых. У гэтым ім няма роўных.
На працягу 18 год я не лічыла сябе залежнай. У мяне была работа, кватэра з добрым рамонтам, я не валялася пад магазінам. Я думала, што кантралюю сітуацыю. Але, вырашыўшы піць толькі ў пятніцу, я прачыналася ў панядзелак раніцай на дачы і пахмялялася адэкалонам; ідучы ў госці і маючы намер выпіць тры чаркі, я не памятала, як апынулася дома… Гэта хімія. Алкаголік, выпіўшы адну чарку, ніколі не можа спыніцца.
Усвядоміўшы праблему, я чатыры гады баролася з ёй самастойна. Я не піла па некалькі месяцаў, была раздражнёнай, злой, і калі раздражненне нарастала, я зноў запівала. Як вынік – два суіцыды. Я не бачыла выйсце, я ведала, што ўсё паўторыцца. Жыць цвярозай – страшна.
Трапіўшы ў групу ананімных алкаголікаў, я спынілася. І жыццё перавярнулася. Раней я не піла, бо было нельга, а цяпер мне не хочацца. Я не п’ю 5 год і 2 месяцы і гэта самы вялікі тэрмін у маім жыцці…
* * *
… Кожны раз, калі я прачыналася з падбітым вокам і жудасным пахмеллем, думала: усё, хопіць, гэта апошні раз. Але праз некалькі дзён я забывалася на гэта дадзенае сабе абяцанне і зноў ішла за бутэлькай. А што, думалася мне, іншыя п’юць і яшчэ больш. І нічога. У выніку 15 год страшных запояў. У мяне адбіралі сына, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Я ненавідзела сацыяльных работнікаў, мне здавалася, што яны несправядлівыя ў адносінах да мяне. Я наогул усіх ненавідзела. Была вельмі агрэсіўнай, лезла ў бойку, шмат сварылася. У мяне брат алкаголік, усе мае сябры пілі. З непітушчымі было нецікава.
Цяпер я ведаю, што галоўнае – не браць першую чарку. І я магу сябе кантраляваць. Знікла агрэсія і злосць. Мне вярнулі сына, цяпер мне давяраюць. Я не п’ю 2 гады, 4 месяцы і 22 дні…
* * *
… Адмаўленне, хлусня і адзінота – вось галоўныя прыкметы алкаголіка. Мой першы муж быў залежны ад алкаголю, мы ажаніліся, калі мне было 18. У кампаніях я старалася выпіць больш, каб менш дасталася яму. Ён быў вельмі агрэсіўны і мы развяліся. Я зноў выйшла замуж. Спіртное было дарагім, і мы купілі самагонны апарат. Я пакрысе співалася. Я заўважыла, што ў гасцях жанчыны могуць выпіць 2-3 чаркі – і ўсё. Мне гэтага заўжды было мала. Я прыхоплівала бутэльку з гасцей, калі не ўдавалася, угаворвала мужа па дарозе зайсці ў краму. Я не магла спыніцца.
Муж забраў дзяцей, развёўся са мной. Я плаціла аліменты. І ўсе вакол былі вінаватыя. Алкагалізм – асаблівасць арганізма, такая адмысловая алергія. Гэта сямейная хвароба: п’е адзін, а пакутуе ўся сям’я. Я доўга не згаджалася з тым, што я алкаголік. Алкагалізм, як мыліца, на якую я абапіралася. Калі адбяруць мыліцу, то як я буду жыць?.. І вось ужо 20 год я не п’ю, 14 – не куру. Я па-ранейшаму алкаголік. Я ведаю, што мне нельга выпіць першую чарку. Я вярнула давер дзяцей. Мяне ўсе любяць…
Гэта праўдзівыя гісторыі людзей, хворых на алкагалізм. Знаходзячыся ў стадыі рэмісіі, яны могуць гаварыць праўду пра сябе, усведамляюць прычыны і вынікі залежнасці. І хочацца верыць, што гэта іх праўда некаму дапаможа. Калі вы пазналі сябе ў гэтых гісторыях, але ўсё яшчэ думаеце, што сітуацыю са спіртным у сваім жыцці кантралюеце, схадзіце ў касцёл. Там кожную суботу ў 13.30 праходзяць сустрэчы групы ананімных алкаголікаў. Горш дакладна не будзе. Вы ў любы момант можаце развярнуцца, пайсці дадому і працягваць жыць так, як хочаце. Гэтае ваша жыццё дакладна нікуды не дзенецца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2016 г.