Молочный вопрос. Или почему шумилинские коровы к сену и сенажу хотят ещё и концентратов?

Актуалии Экономика

Без канцэнтратаў – нікуды
За студзень-кастрычнік гэтага года валавы надой па раёне склаў 17320 тон. Да леташняга ўзроўню крыху не дацягнулі – 98,5%.
Па валавым надоі плюсуюць толькі чатыры гаспадаркі: “Прыдзвінскі”, дзе надаілі 1344 тоны (115,4%), Сіроцінскі”, дзе надаілі 2113 тон (107,4%), “Мішневічы” з 1533 тонамі (105,3%), “Шумілінскі райаграсэрвіс” з 2455 тонамі (101%).
У чым сакрэт поспеху гэтых гаспадарак? З такім пытаннем мы звярнуліся да намесніка начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцова. “Менавіта ў названых гаспадарках летась і сёлета пасеялі многа канюшыны, на якой і пасвіліся статкі да самых замаразкаў, – расказаў Андрэй Аляксандравіч. – Канюшына – гэта крыніца бялку, які добра ўплывае на надоі. Прайгралі тыя гаспадаркі, якія зрабілі стаўку на злакавыя. Зразумела, каровы не былі галодныя, але максімальнай аддачы па надоях няма”.
Па надоях на карову за студзень-кастрычнік гэтага года можна выдзеліць ААТ “Ляжні”  – 2914 кілаграмаў на карову. Гэта самы лепшы паказчык у раёне. Але ж гаспадарцы ёсць да чаго імкнуцца, бо крыху не дацягнулі да мінулагодняга ўзроўню. Па надоях на карову плюсуюць “Шумілінскі райаграсэрвіс” – 2214 кг (+ 306 кг),  КУСГП  “Сіроцінскі” – 2808 кг (+ 248 кг) і “Мішневічы” – 2803 кг (+ 185 кг).
Таварнасць малака за студзень-кастрычнік склала па раёне 88,1% (мінус 0,5% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года). Па таварнасці на 2,5% плюсуе райаграсэрвіс, на 1,8% – “Ляжні”, на 0,6% – “Прыдзвінскі”. Хаця ў кастрычніку сітуацыя крыху палепшылася па ўсім раёне: таварнасць склала 88,7% (+0,6% у параўнанні з мінулым годам).
Па словах кіраўнікоў сельгасарганізацый, галоўная задача сённяшняга дня – не знізіць надоі, бо малако – гэта багацце кожнай гаспадаркі, гэта грошы на зарплату і рамонт тэхнікі. І пакуль раён доіць на карову каля шасці кілаграмаў – хваліцца няма чым. Ну, было б, да прыкладу, як у СФГ “Раднік”, дзе надоі складаюць больш за дзесяць кілаграмаў на карову. Хаця і ў гэтай гаспадарцы вынікамі не вельмі задаволены, бо не змаглі ўтрымаць леташні ўзровень. Крыху плюсуюць па надоях “Прыазёрны мір”, “Ульскі”, “Шумілінскі райаграсэрвіс”, на мінулагоднім узроўні надоі ў “Лаўжанскае”. Але ж гэтыя  гаспадаркі не могуць “выцягнуць” раён на плюсавыя паказчыкі.
Мы пацікавіліся ў некаторых кіраўнікоў сельгасарганізацый: што робіцца для павышэння надояў? Спецыялісты патлумачылі, што толькі сенам ці сенажом сітуацыю не выправіш. Патрэбны канцэнтраты. А з імі якраз і праблема: уласнай вытворчасці няма, бо зерня ў гэтым годзе намалацілі мала. Прыходзіцца купляць. А адна тона  каштуе каля 400 рублёў. Для райаграсэрвісу, напрыклад,  на кожны дзень трэба па тоне канцэнтратаў.
Але справа не толькі ў гэтым. На думку спецыялістаў райсельгасхарчу, кожнай гаспадарцы трэба звярнуць увагу на вырошчванне маладняку буйной рагатай жывёлы. Узнаўленне статку павінна пачынацца яшчэ з ненароджанага цяляці, з догляду і кармлення сухастойных кароў. Калі гэта адпавядае тэхналогіі, то цяля нараджаецца моцнае. Застаецца яго правільна выпаіць малодзівам, дагледзець.  Толькі са здаровых цёлак вырастуць добрыя каровы. Ну, а за ўтрыманне, кармленне і здароўе дойнага статку адказваюць і даяркі, і ветурачы, і асемянатары, і селекцыянеры – яны працуюць, як кажуць, у адным жывёлагадоўчым ланцужку. І калі нейкае адно звяно дае збой – гэта не на карысць вытворчаму працэсу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *