Тэхнолаг палёў
Вясной, летам і восенню ягоную “Ніву” можна сустрэць на самых аддаленых палетках УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і раніцай, і позна вечарам. “Давер – гэта добра, але ж праверыць трэба: ці якасна ўзаралі, ці добра засеялі, як косяць траву на сянаж і сена, як убіраюць зерневыя”, – такой думкі прытрымліваецца галоўны аграном гаспадаркі М. Я. Маліноўскі.
Міхаіл Ягоравіч працуе ў сельскай гаспадарцы з 1979 года. Пасля заканчэння Лужаснянскага сельгастэхнікума яго накіравалі ў калгас імя Сіпко. Апошнія чатыры гады М. Я. Маліноўскі займае пасаду галоўнага агранома ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”.
Набыткі раслінаводства сёлета ў райаграсэрвісе не вельмі высокія, але лепшыя сярод усіх гаспадарак. Вышэй сярэднераённага паказчыка ўраджайнасць зерневых. Дзякуючы руплівасці агранома, у гаспадарцы ў гэтым годзе нарыхтавана на адну ўмоўную галаву жывёлы 25,5 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта нядрэнны паказчык, і ён залежаў не толькі ад вопыту тэхнолага палёў, яго ўмення арганізаваць работу, але і ад догляду за пасевамі, ад старання ўсяго калектыву. Галоўны аграном задаволены: жывёлагадоўля забяспечана паўнацэннымі кармамі з бялковымі кампанентамі ўласнай вытворчасці.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №90 ад 18.11.2016 г.