Любіць, калі травы па пояс
Колькі сябе помніць Міхаіл Кірылавіч Канстанцінаў з ААТ “АграБаравінка”, ягонае жыццё заўсёды было звязана з сельскай гаспадаркай. Тут працавалі маці і бацька, і Міхаіл часта прыбягаў пакатацца на трактары. А цяпер на ім рупіцца сам. Ды як рупіцца! Да гонару гаспадаркі, сёлета заняў першае месца ў раёне сярод механізатараў, якія працавалі з навяснымі касілкамі. Міхаіл Кірылавіч скасіў у гэтым годзе 1741 гектар травы.
“Увогуле ў сельскай гаспадарцы працую дваццаць гадоў, – расказаў механізатар. – І ўзорваю, і бараную, і пераважу розныя грузы. Зімой перасаджваюся на “Амкадор”, якім гружу сянаж у кормараздатчык. Але асабліва мне падабаецца “зялёнае жніво”. Такое, калі травы па пояс. Тады ў асалоду працаваць. У гэтым годзе травы выраслі сярэднія, а месцамі нават і выдатныя. Так што за дзень паспяваў скасіць больш за трыццаць гектараў. Зразумела, як і ўсе мае калегі, стараўся. Бо чым больш скосіш травы – тым большы заробак атрымаеш. Да таго ж, кожны механізатар адчуваў адказнасць у час кормаўборачнай кампаніі: менавіта ад якасці кармоў, а таксама ад іх колькасці залежаць надоі зімой, а гэта значыць, дабрабыт гаспадаркі”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №90 ад 18.11.2016 г.