Жыццё навобмацак
Ужо некалькі год Зоя Аляксандраўна Кіслова нічога не бачыць. Можа разлічыць хіба толькі святло і цемру. Былая настаўніца сёння жыве з дачкой, без штодзённага клопату і догляду якой ёй проста не абысціся. Зрок губляўся паступова. Глаўкома, катаракта, чатыры аперацыі… Пакуль яшчэ крыху бачыла, сама запісвала свае вершы. Расказвае, што брала лінейку, вялікі сшытак і разлінейвала яго на тлустыя лініі. Пісала. Па памяці, наўздагад, не маючы магчымасці прачытаць напісанае. Сёння нататкі вядзе дачка, а Зоя Аляксандраўна чытае свае вершы на памяць.
Адсутнасць той сувязі са светам, пра якую здаровыя людзі звычайна не задумваюцца, і якую забяспечваюць здаровыя вочы, пазбаўляюць чалавека ад такіх немудраге-лістых штодзённых радасцяў, як тэлеперадача, добры фільм ці любімая кніга. Праблемай становіцца нават простая прагулка на свежым паветры. Сусвет быццам зачыняе перад табой дзверы, і ты вымушаны нанова спазнаваць яго, рухаючыся навобмацак. Ва ўсіх сэнсах. Гэта абвастрае ўсе іншыя адчуванні, вымушае да больш актыўнага іх выкарыстання.
“Усё, што застаецца – гэта першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Ён быццам створаны спецыяльна для такіх як мы”, – падзялілася сваімі радасцямі жанчына. Яна слухае радыё, піша вершы, жыве клопатамі дзяцей і ўнукаў. “Я пакуль не буду паміраць – павінна дачакацца дыплому ўнучкі”, – такія зразумелыя арыенціры ставіць перад сабой 86-гадовая кабета.
А яшчэ Зоя Аляксандраўна вельмі цэніць час, праведзены ў кампаніі блізкіх людзей, якімі для яе сталі члены раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку. Калі яшчэ нешта бачыла, яна была надзвычай актыўнай, цяпер проста радуецца кожнаму візіту, кожнай сустрэчы.
Калі паназіраць за людзьмі з дрэнным зрокам, то можна заўважыць іх няўпэўненасць у сабе. Яны не хочуць абцяжарваць сваёй “недасканаласцю” людзей вакол, заўжды быццам выбачаюцца за тое, што не могуць хутка і правільна нешта зрабіць. А цяпер уявіце чалавека, для якога кожны наступны крок – подзвіг. Такіх звычайна завуць героямі. І калі кожны з нас праявіць кроплю цярпення і ўвагі, атрымаецца цэлае мора дабрыні.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.