Раиса Куксина уверена, что счастье – в детях

Людзі і лёсы

Яе шчасце – у дзецях
Кожны шчасце разумее па-свойму. Людзі ганяюцца за ім, робяць усё магчымае, каб быць шчаслівымі. Раіса Іванаўна Куксіна з Полькавіч лічыць, што яе шчасце – у сям’і і дзецях. Разам з мужам Васілём Рыгоравічам выхавалі чатыры дачкі і тры сыны. Мнагадзетную маці неаднаразова ўзнагароджвалі:  яна мае два медалі Мацярынства першай і другой ступеняў, ордэн “Мацярынскай слава” трэцяй ступені. Раіса Іванаўна кажа, што яна не ганарылася асабліва гэтымі медалямі – нараджала ж дзетак не дзеля гэтага. “Дзеці – гэта мой сапраўдны гонар, маё шчасце, падтрымка і мой паратунак”, – лічыць жанчына. Выхаванне ў асноўным клалася на яе плечы. Мудрая жанчына і маці, яна заўсёды знаходзіла падыход да дачок і сыноў. Кажа, што ніколі не шкадавала цёплых слоў, што ў аснове яе выхавання была шчырая пахвала нават за дробязь. І тады дзеці стараліся зрабіць як мага больш добрых спраў – і дзеля сябе, і дзеля маці.
Нядаўна Раіса Іванаўна адсвяткавала 80-годдзе. На думку жанчыны, дажыла яна да такога важкага юбілею дзякуючы сваёй вялікай сям’і. Яе любяць і паважаюць дзеці, 14 унукаў, 19 праўнукаў.
Хутка будзе трыццаць гадоў, як Раіса Іванаўна жыве ў Полькавічах. А прыехалі сюды з мужам з Магілёўшчыны. “Усё жыццё працавалі на фермах жывёлаводамі, – згадала жанчына. – Праўда, рупіцца прыходзілася ў асноўным мужу. Я працавала толькі паміж дэкрэтнымі водпускамі. А муж заўсёды быў у перадавіках. Жыў і працаваў дзеля дзяцей, любіў іх вельмі. Бывала, кожную раніцу, адыходзячы на работу, казаў мне: “Глядзі, Іванаўна, дзяцей, каб здаровыя былі і накормленыя”. Добрым чалавекам быў мой муж, клапатлівым. Шкада, што так рана пайшоў з жыцця і пакінуў мяне адну”.
Зараз Раіса Іванаўна жыве з сынам і нявесткай, бо адной цяжка – здароўе ўжо не тое. Жанчына вельмі хваліла сваю нявестку Вольгу за клопат пра яе і шчырасць. Ухвальнае слова сказала пра ўсіх сваіх дзяцей. Некаторыя з іх жывуць далёка, ажно на Брэстчыне. Але душой маці заўсёды з імі. Над сталом у пакоі жанчыны развешаны фотаздымкі родных. На іх Раіса Іванаўна глядзіць кожны дзень. Глядзіць і любуецца: прыгажунямі дочкамі і ўнучкамі, рослымі ўнукамі і праўнукамі. Жанчына заўсёды ў курсе спраў сваёй вялікай сям’і: ведае пра дні нараджэння кожнага, хто з унукаў збіраецца жаніцца, хто з праўнукаў куды будзе паступаць пасля заканчэння школы.
Пытаюся ў Раісы Іванаўны, калі б павярнуць час назад, ці хацела б яна для сябе такога ж лёсу. “Напэўна, я яго паўтарыла б, – шчыра кажа жанчына. – У маім жыцці было многа шчасця, і за гэта я ўдзячна лёсу. Адзінае, што мне хацелася б змяніць у жыцці – каб усе мае дзеці былі жывыя і здаровыя”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *